Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

Даниил 2 глава

1 Другога году дзяржавы Невухаднецара сьніў Невухаднецар сны, ад чаго дух ягоны стрывожыўся, і выбіўся ён зо сну.
2 І расказаў кароль гукнуць чараўнікоў а гвездароў а варажбітоў а Хальдэяў, зьясьніць каралю сьненьне ягонае. І яны прышлі, і сталі перад каралём.
3 І сказаў кароль ім: «Сьніў сон я, і дух мой стрывожыўся, каб ведаць сон».
4 І казалі Хальдэі каралю паарамску: «Каролю! жыві на векі! скажы сон слугам сваім, і значаньне яго мы зьясьнім».
5 Адказаў кароль і сказаў Хальдэям: «Справа адышла ад мяне. Але калі вы не абесьціце імне сьненьня й значаньня, то на кавалкі будзеце пасечаны, і дамы вашы будуць абернены ў шуметнік.
6 Але калі сон і значаньне зьясьніце, адзяржыце ад мяне дары, надгароду а вялікую пачэсьць. Дык сон і значаньне яго пакажыце імне».
7 Яны ўдругава адказалі й сказалі: «Хай скажа кароль слугам сваім сьненьне, і мы зьясьнім значаньне яго».
8 Кароль адказаў і сказаў: «Ведаю напэўна, што вы ўмысьля адвалакаеце, бо бачыце, што адышла ад мяне справа.
9 Але калі вы не абесьціце імне сьненьня, адзін пастаноў ё на вас, бо вы прыгатавалі манлівыя а зводныя словы, казаць перад імною, пакуль зьменіцца час; затым скажыце імне сьненьне, і я даведаюся, што вы ўзумееце паказаць значаньне яго».
10 Хальдэі адказалі перад каралём і сказалі: «Нямаш на зямлі людзіны, што магла б абясьніць гэту справу каралеўскую; затым няма вялікага караля а дзяржаўцы, каторыя пыталіся б такога ў чараўніка, гвездара альбо Хальдэя;
11 І гэта радкая справа, каторай кароль вымагае, і няма іншага, што мог бы паказаць яе перад каралём, з выняткам багоў, каторыя ня жывуць ізь целам».
12 За гэта кароль загневаўся а вельма зазлаваўся і расказаў выгубіць усіх мудрыцоў бабілёнскіх.
13 І пастаноў вышаў, каб мудрыцы былі забіты; і шукалі Данеля а сяброў ягоных, каб забіць іх.
14 Тады Данель адказаў радаю а мудрасьцю Арэху, начэльніку катаў каралеўскіх, каторы вышаў забіваць мудрыцоў бабілёнскіх;
15 Ён адказаў і сказаў Арэху, начэльніку каралеўскаму: «Чаму такое пасьпешнае права ад караля?» Тады Арэх абясьціў гэтую справу Данелю.
16 Тады Данель увыйшоў і папрасіў караля даць яму час, і ён дасьць зьясьненьне каралю.
17 Адлі прышоў да дому свайго і Ганані, Місайлу а Азары, сябром сваім, абясьціў справу гэтую,
18 Каб яны прасілі спагады ў Бога нябёснага што да тайны гэтае, каб не загінулі Данель а сяброве ягоныя із засталымі мудрыцамі бабілёнскімі.
19 Тады Данелю ў ночнай відзені тайна была аб’яўлена, тады Данель дабраславіў Бога нябёснага.
20 Адказаў Данель і сказаў: «Будзь дабраславёна імя Божае ад веку да веку, бо мудрасьць і сіла ў Яго;
21 І Ён мяняе часы а поры; аддаляе каралёў і ўзносе каралёў; даець мудрасьць мудрым і веданьне тым, што маюць розум;
22 Ён аб’яўляе глыбокае а тайнае; ведае, што ў цемрадзі, і сьвятліня жывець ізь Ім.
23 Дзякую Табе й хвалю Цябе, Божа айцоў маіх, што мудрасьць і сілу даў імне і цяпер абясьціў імне, чаго прасілі мы ў Цябе, бо Ты абясьціў нам каралеўскую справу».
24 Тады Данель пашоў да Арэха, катораму кароль загадаў выгубіць мудрыцоў бабілёнскіх; ён прышоў і сказаў яму гэтак: «Ня губі мудрыцоў бабілёнскіх; увядзі мяне да караля, і я пакажу каралю зьясьненьне».
25 Тады Арэх ўборзьдзе прывёў Данеля да караля і сказаў яму гэтак: «Я знайшоў людзіну із сыноў палону зь Юдэяў, каторы каралю зьясьненьне абесьце.
26 Кароль адказаў і сказаў Данелю, каторага імя Велтэшазар: «Ці можаш ты абясьціць імне сон, што імне аб’явіўся, і зьясьненьне яго?»
27 Данель адказаў каралю і сказаў: «Тайны, каторае кароль вымагаў, ня могуць мудрыцы, гвездары, чараўнікі, вяшчуны зьясьніць каралю.
28 Але ё Бог на небе, што аб’яўляе тайны, і Ён абяшчае каралю Невухаднецару, што мае быць у вапошяія дні. Сон твой а відзень галавы твае на ложку гэткія:
29 Што да цябе, каролю: думкі твае на ложку тваім прышлі, што мае быць просьле гэтага; і Тый, што аб’яўляе тайны, паказуе табе, што мае стацца.
30 Але што да мяне: тайна гэтая аб’яўлена імне ня з прычыны якое мудрасьці, што я меў бы болей за ўсіх жывучых, але дзеля таго, каб зьясьненьне каралю наказаць, і каб ты мог ведаць думкі сэрца свайго.
31 Ты, каролю, глядзеў, і вось — вялікі выразаны абраз, каторага бліск быў надзвычайны, стаяў перад табою, і выгляд ягоны быў страшны.
32 Галава абраза з чыстага золата, грудзі а рукі яго із срэбра, жывот а сьцёгны яго зь медзі,
33 Галёнкі яго ізь зялеза, ступні яго часткава ізь зялеза, а часткава з гліны.
34 Ты глядзеў яшчэ, пакуль камень не адарваўся бяз рукі і ўдырыў у вабраз, у ногі яго зялезныя й гліняныя, і разьбіў іх на кавалкі.
35 Тады разьбілася на кавалкі зялеза, гліна, медзь, срэбра а золата разам і сталіся як ўмецьце летнае такаўні, вецер панёс іх, каб на ніякім месцу не знайшлі іх; а камень, што разьбіў абраз, стаў вялікаю гарою і напоўніў усю зямлю.
36 Гэта сон. Скажам і зьясьненьне яго перад каралём.
37 Ты, каролю, кароль каралёў, бо Бог нябёсны даў табе каралеўства, моц, сілу а славу;
38 І ўсюдых, ідзе дзеці людзкія жывуць, Ён аддаў у руку тваю зьвера палявога і птуства нябёснае і пастанавіў цябе дзяржаўцаю над усімі імі. Ты — гэна залатая галава.
39 І просьле цябе паўстане іншае каралеўства, ніжшае за цябе, і іншае трэйцяе каралеўства, зь медзі, каторае будзе мець уладу над усёю зямлёю.
40 А чацьвертае каралеўства будзе моцнае, як зялеза; бо, як зялеза ломе й кволе ўсе, і як зялеза мяжджуле ўсе, так будзе яно ламіць а мяжджуліць.
41 Яшчэ, як ты бачыў, ногі а палцы часткава з ганчаровае гліны, а часткава ізь зялеза, — каралеўства будзе падзеленае, але там будзе ў ім штось із мацніні зялеза, бо, як ты бачыў, зялеза было зьмешанае з балотнаю глінаю.
42 І як палцы ног часткава ізь зялеза, а часткава з гліны, так каралеўства будзе часткава моцнае, а часткава крохкае.
43 І, як ты бачыў зялеза, зьмешанае з балотнаю глінаю, яны будуць злучаны насеньням людзкім, але ня будуць моцна дзяржацца адно з адным, як зялеза не мяшаецца з глінаю.
44 І за дзён тых каралёў Бог нябёсны ўзбудзе каралеўства вечнае, што ніколі ня будзе зьнішчана, і гэна каралеўства ня будзе пераходзіць да люду іншага; яно патрышча а абура ўсі гэныя каралеўствы, а само будзе стаяць на векі;
45 Бо, як ты бачыў, што ад гары адарваўся камень бяз рук і разламіў зялеза, медзь, гліну, срэбра а золата. Вялікі Бог наказаў каралю, што станецца просьле гэтага. І сьненьне пэўнае, і зьясьненьне яго пэўнае».
46 Тады кароль Невухаднецар паў на від свой і пакланіўся Данелю, і загадаў, каб прынесьлі яму дар а прыемныя пахі.
47 Кароль адказаў Данелю й сказаў: «Праўда, што Бог ваш — Бог багоў і Спадар каралёў, і аб’яўляе тайны, бо ты мог аб’явіць гэтую тайну».
48 Тады кароль учыніў Данеля вялікім і даў яму шмат вялікіх дароў, і прызначыў яго за дзяржаўцу над усім краям Бабілёнскім і галоўным начэльнікам над усімі мудрыцамі бабілёнскімі.
49 Тады Данель прасіў караля, і ён пастанавіў на службу каралеўства Бабілёнскага Шадраха, Мішага а Авед-Неґо, але Данель застаўся ў браме каралеўскай.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.