Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Даниил 2 глава

1 На другі год царавання меў Набукаданосар сон; і ўстрывожыўся дух яго, што і сон не браў яго.
2 І цар загадаў склікаць прадказальнікаў, і варажбітоў, і чараўнікоў, і халдэйцаў, каб сказалі цару сны яго; калі яны прыйшлі, то сталі перад царом.
3 І цар сказаў ім: «Меў я сон, і дух мой занепакоены, каб зразумець сон».
4 І сказалі халдэйцы цару па-арамейску: «Цару, вечна жыві! Раскажы паслугачам сваім сон, ды высветлім яго сэнс».
5 І ў адказ сказаў цар халдэйцам: «Вось што я гавару. Калі не высветліце мне сну і яго сэнсу, будзеце разарваны на кавалкі і дамы вашы будуць разбураны;
6 а калі высветліце мне сон і яго сэнс, атрымаеце ад мяне дары, і ўзнагароды, і вялікую пашану. Дык раскажыце мне сон і яго сэнс».
7 Адказалі паўторна і сказалі: «Хай цар раскажа сон сваім паслугачам, і мы высветлім яго сэнс».
8 У адказ сказаў цар: «Разумею, канешне, добра, што хочаце мець час, ведаючы, што слова адышло ад мяне.
9 Такім чынам, калі не высветліце мне сну — адзін ёсць для вас прысуд. І вы згаварыліся выявіць мне слова лжывае і поўнае ашуканства, пакуль не зменяцца часы; дык выявіце мне сон, каб я мог пераканацца, што можаце мне высветліць яго сэнс».
10 І халдэйцы адказалі цару: «Няма чалавека на зямлі, які б мог высветліць слова цара; таму ніводзін з цароў, хоць вялікіх і магутных, не выведвае такое слова ад усякага прадказальніка, і ад варажбіта, і ад халдэйца.
11 Пытанне бо, якое ты, цар, ставіш, — цяжкае, і ніхто не зможа на яго адказаць цару, акрамя багоў, якія не прабываюць паміж людзей».
12 Пачуўшы гэта, цар, апанаваны вялікім гневам і абурэннем, загадаў пазабіваць усіх мудрацоў бабілонскіх.
13 І калі выйшаў загад, каб загубіць мудрацоў, шукаліся Даніэль і сябры яго, каб разам былі забіты.
14 Звярнуўся тады Даніэль з парадай і разважлівасцю да Арыёха, кіраўніка варты царскай, які выбраўся, каб загубіць мудрацоў бабілонскіх;
15 сказаў ён Арыёху, які атрымаў паўнамоцтвы ад цара: «Чаму такі строгі загад царскі?» Такім чынам, калі Арыёх прадставіў Даніэлю справу,
16 Даніэль, пайшоўшы, папрасіў цара, каб вызначыў ён яму час на выяўленне сэнсу сну цару;
17 і вярнуўся Даніэль дадому, і расказаў справу сваім сябрам Ананію, Місаэлю і Азарыю,
18 каб прасілі міласэрнасці перад абліччам Бога нябеснага аб гэтай таямнічай справе і каб Даніэль са сваімі сябрамі не загінулі разам з другімі мудрацамі бабілонскімі.
19 Тады Даніэль у начным бачанні атрымаў выяўленне таямніцы, дык дабраслаўляў Даніэль Бога неба і казаў:
20 «Хай будзе дабраславёна імя Бога ва ўсе векі вечныя, бо мудрасць і ўсемагутнасць ёсць у Яго;
21 і Ён змяняе часы і вякі, устараняе і ўстанаўляе цароў, дае мудрасць мудрым і разумнасць разумным.
22 Ён аб’яўляе глыбокае і схаванае і ведае, што знаходзіцца ў цемры, ды святло жыве з Ім.
23 Цябе, Божа маіх бацькоў, слаўлю і Цябе ўхваляю! Бо даў мне мужнасць і мудрасць і выявіў мне зараз тое, аб чым мы малілі Цябе, бо слова царскае выявіў нам».
24 Таму Даніэль пайшоў да Арыёха, якога паставіў цар, каб пазабіваць мудрацоў бабілонскіх, ды так сказаў яму: «Не забівай мудрацоў бабілонскіх; завядзі мяне да цара, і я раскажу цару сэнс сну».
25 Тады Арыёх хутка завёў Даніэля да цара і сказаў яму: «Знайшоў я чалавека сярод выселеных з Юды, які выявіць цару сэнс сну».
26 Цар звярнуўся і сказаў Даніэлю, якога імя было Балтасар: «Ці сапраўды можаш выявіць мне сон, які я бачыў, і раскрыць яго сэнс?»
27 І ў адказ Даніэль сказаў перад абліччам цара: «Таямніцу, пра якую цар пытае, не змогуць выявіць ані мудрацы, ані прадказальнікі, ані варажбіты, ані астролагі;
28 але ёсць Бог у небе, Які адкрывае таямніцы, і Ён выяўляе цару Набукаданосару, што станецца ў апошнія дні. Твой сон і бачанні галавы тваёй, якія ты меў на сваім ложку, ёсць наступныя:
29 цябе, цару, на тваім ложку ахапілі думкі аб тым, што мае пазней надысці; і Той, Хто раскрывае таямніцы, выявіў табе, што станецца.
30 Таксама, што да мяне, таямніца гэта стала мне вядомай не дзеля мудрасці, якой у мяне больш, чым ва ўсіх жывучых, але каб даць выясненне цару і каб ты разумеў думкі свайго сэрца.
31 Ты, цару, бачыў: і вось, адна статуя вельмі вялікая, статуя гэтая, вялікая і высокая, стаяла перад табой, і выгляд яе быў страшны.
32 Галава гэтае статуі была з чыстага золата, грудзі ж яе і плечы — са срэбра, а жывот і клубы — з медзі,
33 ногі ж — з жалеза, ступні яе — часткова з жалеза, а часткова з гліны.
34 Так бачыў ты, што, вось, адарваўся камень, хаця не дакранулася да яго рука людская, і ўдарыў статую ў яе ногі з жалеза і гліны, і паламаў іх;
35 тады зараз жа паламаны былі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата, ды сталі яны, як мякіна на таку летам, і падняў іх вецер, так што не застаўся па іх след; камень жа, які ўдарыў статую, стаў вялікай гарою і запоўніў усю зямлю.
36 Такі вось сон; яго сэнс таксама скажам табе, цару.
37 Ты цар цароў, і Бог неба даў табе царства, і сілу, і моц, і славу,
38 і ў тваю руку даў усё, дзе жывуць людзі, і звяры палявыя, і птушкі нябесныя, і цябе зрабіў валадаром над імі ўсімі, ты — галава залатая.
39 І па табе ўзнікне іншае царства, меншае, чым тваё, і надыдзе трэцяе царства, меднае, якое будзе валадарыць над усёй зямлёй.
40 І чацвёртае царства будзе трывалае, як жалеза; як жалеза, што ўсё крышыць і ламае на кавалкі, і як жалеза, што, разбіваючы, знішчае ды крышыць усё гэта.
41 Затым тое, што ты ўбачыў ногі і пальцы, часткова зробленыя з гліны і часткова — з жалеза, значыць, што царства будзе падзелена; і будзе ў яго трываласць жалеза паводле таго, што ўбачыў ты жалеза, змяшанае з глінай.
42 І пальцы ног часткова з жалеза і часткова з гліны, — гэта значыць, што царства будзе часткова трывалае, часткова — крохкае.
43 А тое, што ты ўбачыў жалеза, змяшанае з глінай, значыць да таго ж, што змяшаюцца яны праз людское семя, але не будуць прымацаваны адзін да аднаго, падобна як жалеза не можа злучыцца з глінаю.
44 А ў часы гэтых царстваў Бог Неба ўзбудзіць Валадарства, якое вытрывае вечна ды ўлада яго не пяройдзе на другі народ: сатрэ і знішчыць яно ўсе гэтыя царствы і само будзе трываць вечна.
45 Як ты гэта ўбачыў, калі камень адарваўся ад гары, хоць не дакранулася да яго рука людская, і знішчыў жалеза, і медзь, і гліну, і срэбра, і золата; вялікі Бог выявіў цару, што станецца пазней: і праўдзівы ёсць сон, і выясненне яго вернае».
46 Тады Набукаданосар упаў на твар свой, і пакланіўся Даніэлю, і загадаў зрабіць яму ахвяры з ежы і духмянае каджэнне.
47 Такім чынам, звярнуўся цар да Даніэля і сказаў: «Ваш Бог ёсць сапраўды Бог багоў і Валадар цароў, Які выяўляе таямніцы, бо змог ты выявіць гэту таямніцу».
48 Потым узвысіў цар Даніэля і даў яму многа багатых дароў ды зрабіў яго кіраўніком намеснікаў над усімі правінцыямі бабілонскімі і кіраўніком над усімі мудрацамі Бабілона.
49 Даніэль жа папрасіў цара і паставіў над справамі правінцыі бабілонскай Сэдрака, Місака і Абдэнагу; Даніэль жа прабываў пры царскай браме.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.