Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Даниил 3 глава
1 Навухаданосар валадар зрабіў балвана з золата, вышыня ягоная — шэсцьдзясят локцяў, а шырыня ягоная — шэсьць локцяў. Ён паставіў яго на раўніне Дура ў краіне Бабілонскай.
2 І Навухаданосар валадар паслаў сабраць князёў, начальнікаў і ваяводаў, судзьдзяў, скарбнікаў, раднікаў, урадоўцаў і ўсіх кіраўнікоў акругаў, каб яны прыйшлі на асьвячэньне балвана, якога паставіў Навухаданосар валадар.
3 Тады сабраліся князі, начальнікі і ваяводы, судзьдзі, скарбнікі, раднікі, урадоўцы і ўсе кіраўнікі акругаў на асьвячэньне балвана, якога паставіў Навухаданосар валадар, і сталі яны перад балванам, якога паставіў Навухаданосар валадар.
4 І весьнік голасна клікаў: «Вам паведамляецца, народы, плямёны і мовы!
5 У час, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упадзіце і пакланіцеся балвану залатому, якога паставіў Навухаданосар валадар.
6 А хто не ўпадзе і не паклоніцца, у той жа момант будзе кінуты ў сярэдзіну печы, якая палае агнём».
7 Дзеля гэтага ў той час, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, усе народы, плямёны і мовы ўпалі і пакланіліся балвану залатому, якога паставіў Навухаданосар валадар.
8 Дзеля гэтага ў той момант наблізіліся [да валадара] мужы Халдэйскія і абвінавацілі зласьліва Юдэяў.
9 Яны адказалі і сказалі Навухаданосару валадару: «Валадару, жыві на вякі!
10 Ты, валадару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся балвану залатому.
11 А хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе кінуты ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.
12 Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі краіны Бабілонскай, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго. Гэтыя мужы, валадару, не зважаюць на твой, валадару, загад, багам тваім ня служаць, і балвану залатому, якога ты паставіў, не пакланяюцца».
13 Тады Навухаданосар у гневе і ў лютасьці сказаў прывесьці Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго. Тады мужоў гэтых прывялі да валадара.
14 Адказаў Навухаданосар і сказаў ім: «Ці праўда, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, што вы багам маім ня служыце і балвану залатому, якога я паставіў, не пакланяецеся?
15 Цяпер ці вы гатовыя, каб у час, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упасьці і пакланіцца балвану, якога я зрабіў? Але калі вы не паклоніцеся, у той жа момант будзеце кінутыя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём. І хто той Бог, Які выратуе вас з рук маіх?»
16 Адказалі Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго і сказалі валадару: «Навухаданосар! Няма нам патрэбы адказваць табе ў гэтай справе.
17 Калі Бог наш, Якому мы служым, можа выратаваць нас з печы, якая палае агнём, Ён і з рукі тваёй, валадару, вызваліць.
18 А [нават] калі не [вызваліць], няхай будзе вядома табе, валадару, што багам тваім мы ня будзем служыць і балвану залатому, якога ты паставіў, ня будзем пакланяцца».
19 Тады Навухаданосар напоўніўся гневам супраць Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, і выгляд аблічча ягонага зьмяніўся. Ён адказаў і сказаў, каб распалілі печ у сем разоў болей, чым была яна распаленая.
20 А ваярам-асілкам, якія [былі] ў войску ягоным, сказаў зьвязаць Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго і ўкінуць у печ, якая палае агнём.
21 Тады мужы гэтыя былі зьвязаныя ў плашчах іхніх, кашулях іхніх, турбанах іхніх і ў адзеньні іхнім і кінутыя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.
22 А як слова валадара было жорсткае, печ была распалена надзвычайна, і мужоў тых, якія схапілі Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, забіла полымя агню.
23 А гэтыя тры мужы, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, упалі зьвязаныя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.
24 Тады Навухаданосар валадар зьдзівіўся і ўстаў пасьпешліва, адказаў і сказаў раднікам сваім: «Ці ня трох мужоў зьвязаных мы кінулі ў сярэдзіну печы?» Яны адказалі і сказалі валадару: «Дакладна, валадару».
25 Ён адказаў і сказаў: «Але я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і пашкоджаньня няма на іх, а выгляд чацьвёртага падобны да Сына Божага».
26 Тады наблізіўся Навухаданосар да адтуліны печы, якая палае агнём, і сказаў: «Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, слугі Таго, Хто ёсьць Богам Найвышэйшым, выйдзіце і прыйдзіце». Тады выйшлі Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго з сярэдзіны агню.
27 І сабраліся начальнікі і раднікі валадара, і ўбачылі мужоў гэтых, што над целам іхнім агонь ня меў улады, і валасы галоваў іхніх не былі апаленыя, і плашчы іхнія не зьмяніліся, і паху агню не было ад іх.
28 Адказаў Навухаданосар і сказаў: «Дабраслаўлёны Бог Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, Які паслаў анёла Свайго і выратаваў слугаў Сваіх, якія спадзяваліся на Яго, і не паслухалі слова валадара, і аддалі целы свае, каб не служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога іхняга.
29 Дзеля гэтага я выдаю загад, што ўсякі з народу, племені і мовы, хто скажа блюзьнерства на Бога Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, будзе пасечаны на кавалкі, а дом ягоны будзе ператвораны ў руіну, бо няма іншага Бога, Які мог бы гэтак выратаваць».
30 Тады валадар узвысіў Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго ў краіне Бабілонскай.
31 «Навухаданосар валадар — усім народам, плямёнам і мовам, якія жывуць на ўсёй зямлі: супакой ваш няхай памножыцца!
32 Знакі і цуды, якія ўчыніў мне Бог Найвышэйшы, было мне даспадобы выявіць [вам].
33 Якія вялікія знакі Ягоныя і якія магутныя цуды Ягоныя! Валадарства Ягонае — валадарства вечнае, і ўлада Ягоная — з пакаленьня ў пакаленьне!
Даниил 3 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча