Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

Даниил 3 глава

1 Кароль Бабілёнскі зрабіў залаты абраз увышкі шасьцьдзясят локцяў, ушыркі шэсьць локцяў; пастанавіў яго на раўніне Дуры ў краю Бабілёнскім.
2 Тады кароль Невухаднецар паслаў зьберці князёў, намесьнікаў а вайводаў, судзьдзяў, скарбных, райцаў, ураднікаў а ўсіх дзяржаўцаў краінаў, каб прышлі на пасьвячэньне абраза, каторы пастанавіў кароль Невухаднецар.
3 Тады зьберліся князі, намесьнікі а вайводцы, судзьдзі, скарбныя, райцы а ўсі дзяржаўцы краінаў на пасьвячэньне абраза, што кароль Невухаднецар пастанавіў, і сталі перад абразом, каторы Невухаднецар пастанавіў.
4 Тады віж голасна гукаў: «Вам расказана, люды, народы й мовы:
5 У часе, як пачуеце гук корнэту, жалейкі, гарпы, сакбута, псалтыра, цымбалаў і ўсялякіх музыцкіх снадзяў, падзіце а пакланіцеся залатому абразу, што кароль Невухаднецар пастанавіў.
6 А хто не падзець а не паклоніцца, тае ж гадзіны будзе кінены ўнутр палаючае цяплом печы».
7 Затым у часе, як усі людзі пачулі гук корнэту, жалейкі, гарпы, сакбута, псалтыра і ўсялякіх музыцкіх снадзяў, усі люды, народы й мовы палі, пакланіліся залатому абразу, што кароль Невухаднецар пастанавіў.
8 З гэтае прыгоды як стой дабліжыліся мужы хальдэйскія і абвінавалі Юдэяў.
9 Яны гукалі й сказалі каралю Невухаднецару: «Каролю, жыві на векі!
10 Ты, каролю, выдаў загаду, каб кажная людзіна, што пачуе гук корнэту, жалейкі, гарпы, сакбута, псалтыра а цымбалаў а ўсялякіх музыцкіх снадзяў, пала а пакланілася залатому абразу.
11 А хто не падзець ані паклоніцца, тый мае быць укінены ў нутр печы, цяплом палаючае.
12 Ё Юдэі, каторых ты пастанавіў над справамі краю Бабілёнскага, Шадрах, Мішах а Авед-Неґо; гэтыя людзі, каролю, не паважаюць цябе, ня служаць багом тваім, ня кланяюцца залатому абразу, каторы ты пастанавіў».
13 Тады Невухаднецар у гневе і ў шалёнай злосьці казаў прывесьці Шадраха, Мішаха а Авед-Неґо. Тады іх прывялі да караля.
14 Невухаднецар адказаў і сказаў ім: «Ці наўмысьля, Шадраша, Мішаша а Авед-Неґо, вы ня служыце багом маім і залатому абразу, каторы я пастанавіў, ня кланяецеся?
15 Цяпер жа, у часе, калі пачуеце гук жалейкі, гарпы, сакбута, псалтыра а цымбалаў а ўсялякіх музыцкіх снадзяў, падзіце а паклоніцеся абразу, каторы я зрабіў, то добра; але калі не паклоніцеся, тае ж гадзіны будзеце кінены ў нутр печы, цяплом палаючае; і які тый Бог, што вывальне вас із рук маіх?»
16 І адказалі Шадрах, Мішах а Авед-Неґо, і сказалі каралю: «О, Невухаднецару! мы не патрабуем даць адказ табе ў гэтай справе.
17 Вось, з намі Бог, Катораму мы служым; Ён можа вывальніць нас ад нутра палаючае печы, і з рукі твае, каролю, вывальне.
18 Але калі не, няхай гэта будзе ведама табе, каролю, што мы ня будзем служыць багом тваім ані кланяцца залатому абразу, каторы ты пастанавіў».
19 Тады Невухаднецар быў поўны злосьці на Шадраха, Мішаха а Авед-Неґо, і выгляд віду ягонага адмяніўся; ён адказаў і загадаў, каб напалілі печ сем разоў болей, чымся было звычаем паліць.
20 І загадаў найбольшым дужасілам із войска свайго зьвязаць Шадраха, Мішаха а Авед-Неґа і ўкінуць у палаючую цяплом печ.
21 Тады гэтыя мужы былі зьвязаны ў вахілімах сваіх, кашулях сваіх а ў турбанох сваіх а ў іншым адзецьцю сваім і кінены ў нутр печы, цяплом палаючае.
22 А як слова каралеўскае было стродкае, і печ надзвычайна напалена, то мужы тыя, што ўзялі Шадраха, Мішаха а Авед-Неґа, былі забіты поламям цяпла.
23 А гэтыя тры мужы, Шадрах, Мішах а Авед-Неґо, палі зьвязаныя ў нутр печы, цяплом палаючае.
24 Тады Невухаднецар, кароль, зумеўся і ўстаў хапліва, адказаў і сказаў райцам сваім: «Ці ня трох мужоў зьвязаных кінулі ў нутр печы?» Яны адказалі й сказалі каралю: «Напэўна, каролю».
25 Ён адказаў і сказаў: «Гля, я бачу чатырох мужоў незьвязаных, сярод цяпла ходзячых, і пашкоджаньня няма на іх; а выгляд чацьвертага падобны да Сына Божага».
26 Тады дабліжыўся Невухаднецар да чалесьніку палаючае печы, адказаў і сказаў: «Шадраша, Мішаша а Авед-Неґо, слугі найвышшага Бога, выйдзіце й прыйдзіце». Тады Шадрах, Мішах а Авед-Неґо вышлі з пасярод цяпла.
27 І князі, намесьнікі а вайводцы а скарбныя каралеўскія, зьбершыся, бачылі мужоў, над каторых целам цяпло ня мела ўлады, ані валасы галоў іхных не абсмылелі, ані ахілімы іхныя не адмяніліся, ані было паху цяпла на іх.
28 Адказаў Невухаднецар і сказаў: «Дабраславёны Бог Шадраха, Мішаха а Авед-Неґа! Каторы паслаў Ангіла Свайго і вывальніў слугаў Сваіх, што спадзяваліся на Яго, і не паслухалі слова каралеўскага, і выдалі целы свае, каб ня служыць ані кланяцца іншаму Богу, апрача свайго.
29 Затым я выдаю пастаноў, што кажны люд, народ і мова, каторыя скажуць што-колечы благое на Бога Шадраховага, Мішаховага а Авед-Неґавага, маюць быць пацяты на кавалкі, і дамы іхныя будуць абернены ў шуметнік, бо нямаш іншага Бога, каторы мог бы вывальняць гэтак».
30 Тады кароль вывышыў Шадраха, Мішаха а Авед-Неґа ў краю Бабілёнскім.
31 Невухаднецар, кароль, усім людам, народам і мовам, што жывуць на ўсёй зямлі: «Супакой хай множыцца вам.
32 Уважаю за добрае агаласіць знакі а чудосы, што высокі Бог учыніў імне.
33 Якія вялікія знакі ягоныя, і якія магутныя чудосы Ягоныя! каралеўства вечнае і ўлада Ягоная — ад пакаленьня да пакаленьня.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.