Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Притчи 19 глава

1 Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.
2 Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.
3 Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.
4 Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.
5 Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.
6 Многія дагаджаюць заможным; і кожны — сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.
7 Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.
8 Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.
9 Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.
10 Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.
11 Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная — паблажлівым да неразважлівых учынкаў.
12 Гнеў цара — як рык ільва, а ласка ягоная — як раса на траву.
13 Неразумны сын — пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка — сьцёкавая рына.
14 Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, а разумная жонка — ад Госпада.
15 Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.
16 Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае — загіне.
17 Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.
18 Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.
19 Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.
20 Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.
21 Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.
22 Радасьць чалавеку — дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.
23 Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.
24 Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.
25 Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.
26 Хто бацьку руйнуе і выганяе маці — сын бессаромны і ганебны.
27 Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.
28 Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.
29 На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары — на цела дурных.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.