Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Притчи 26 глава

1 Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму.
2 Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.
3 Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю.
4 Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму;
5 а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх.
6 Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля.
7 Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага.
8 Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному.
9 Што калючы бадзяк у руцэ ў п’янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага.
10 Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае.
11 Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае.
12 Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, — дык на дурнога болей надзеі, чым на яго.
13 Гультай кажа: «леў на дарозе! леў на дварэ!»
14 Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.
15 Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго.
16 Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.
17 Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.
18 Як той, хто прыкідваецца вар’ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
19 так — чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: «я толькі пажартаваў».
20 Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.
21 Вугаль — на жар, дровы — на распал свары.
22 Словы нагаворшчыка — як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата.
23 Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое.
24 Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.
25 Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.
26 Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.
27 Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца.
28 Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.