Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 18 глава
1 І было імне слова Спадарова, кажучы:
2 «Што гэта вам, што вы кажаце гэтую прыказь узглядам зямлі Ізраелявае, кажучы: "Бацькі елі кіслае віно, а дзеці нагналі аскому на зубах?"
3 Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — вы наперад ня будзеце ўжываць гэтае прыказі ў Ізраелю.
4 Абач, усі душы гэтыя Мае: як душа айцова, так таксама душа сыньняя — Мае яны; душа, што грэша, памрэць.
5 Але калі людзіна справядлівая і робе суд а справядлівасьць;
6 Ня ела на горах ані ўздыймала аччу сваіх да балваноў дому Ізраелявага, ані плюгавіла жонкі прыяцеля свайго, ані бліжылася да жонкі, здаленае за нечысьць;
7 І людзіна нікога ня ўціскала, зварачала даўжбіту заклад ягоны, не займалася глабаньням, давала хлеб галоднаму й накрывала голага адзецьцям;
8 Не пазычала на працэнты ані брала прыросту, ад бяспраўя аддаляла руку сваю, чыніла запраўды суд меж людзіны й людзіны;
9 Хадзіла ў вуставах Маіх, дзяржала суды Мае, каб здойсьніць праўду: яна справядлівая, яна напэўна будзе жыць, — агалашае Спадар СПАДАР. —
10 Калі ў яго народзіцца сын глабаньнік, што разьлівае кроў, і робе што-лень із гэтых брату свайму,
11 І не паўніць ніякага з гэтых абавязкаў, але таксама на горах еў і сплюгавіў жонку прыяцеля свайго,
12 Уціскаў убогага а беднага, глабае, не варочае закладу, але ўздыймае вочы свае да балваноў, робе агіды,
13 Пазычае на працэнты й бярэць прырост; дык мае ён жыць? Ня мае жыць: ён робе ўсі гэтыя агіды, ён канечне памрэць; кроў ягоная будзе на ім.
14 Цяпер абач, у яго нарадзіўся сын, што бача ўсі грахі айца свайго, каторыя гэты робе, і разважае, і ня робе такіх:
15 Ня еў на горах ані ўзьнімаў аччу сваіх да балваноў дому Ізраелявага, ня сплюгавіў жонкі прыяцеля свайго,
16 Нікога ня ўціскаў, ня браў закладу, ня глабаў, даваў хлеб свой галоднаму і накрываў адзецьцям голага,
17 Не адыймаў рукі свае ад убогага, ня браў працэнтаў ані прыросту, чыніў суды Мае, хадзіў у вуставах Маіх; ён ня мае памерці за бяспраўе айца свайго, ён канечне мае жыць.
18 Айцец ягоны, за тое, што ён уціскаючы ўціскаў, глабаючы глабаў брата й рабіў нядобрае меж люду свайго, гля, ён мае памерці ў бяспраўю сваім.
19 Вы скажаце, адылі: "Чаму не нясець сын бяспраўя айца свайго?" Калі сын рабіў суд а справядлівасьць, дзяржаў усі ўставы Мае і паўніў іх, ён канечне мае жыць.
20 Душа, што ізгрэша, памрэць; сын не панясець бяспраўя айца, ані айцец не панясець бяспраўя сына; справядлівасьць справядлівага будзе на ім, і нягоднасьць нягоднага будзе на ім.
21 Але калі нягоднік адвернецца ад усіх грахоў сваіх, што ён рабіў, і дзяржыць усі ўставы Мае, і робе суд а справядлівасьць, канечне будзе жыць, не памрэць.
22 Усі выступы ягоныя, што ён зрабіў, ня будуць залічаны яму; у справядлівасьці сваёй, што ён рабіў, ён будзе жыць.
23 Нягож Я зычу сьмерці грэшніка, — агалашае Спадар СПАДАР, — ці не валей, каб адвярнуўся ад дарогаў сваіх і жыў?
24 Але калі справядлівы адвернецца ад справядлівасьці свае й будзе рабіць бяспраўе, зробе подле ўсіх агідаў, што нягоднік робе, ці мае ён жыць? уся справядлівасьць ягоная, што ён рабіў, ня будзе менавана; за ізраду сваю, што ён ізрадзіў, і за грэх свой, што ён ізграшыў, за іх ён памрэць.
25 Вы, адылі, скажаце: "Дарога Спадарова няправільная". Паслухайце ж, доме Ізраеляў: ціж дарога Мая ня правільная? ці ня ваша дарога няправільная?
26 Калі справядлівы адварачаецца ад справядлівасьці свае й робе бяспраўе, і памірае ў ім — за бяспраўе свае, што ён зрабіў, ён памрэць.
27 Ізноў, калі нягоднік адвернецца ад нягоднасьці свае, што ён рабіў, і робе суд а справядлівасьць, ён захавае душу сваю.
28 Затое, што ён разважае й адварачаецца ад усіх выступаў, што ён зрабіў, ён канечне будзе жыць, не памрэць.
29 І кажаце вы, доме Ізраеляў: "Няправільная дарога Спадарова". Доме Ізраеляў, ці Мая дарога ня правільная? ці ня вашы дарогі няправільныя?
30 Затым, кажнага подле дарогаў ягоных буду судзіць вас, доме Ізраеляў, — агалашае Спадар СПАДАР; — пакайцеся й адвярніцеся ад усіх выступаў сваіх, дык бяспраўе ня будзе вам спатыкненьням.
31 Адкіньце ад сябе ўсі выступы вашы, каторымі вы выступалі, і зрабіце сабе новае сэрца а новы дух; бо нашто паміраць вам, доме Ізраеляў?
32 Бо Я ня зычу сьмерці паміраючага, — агалашае Спадар СПАДАР; дык навярніцеся й жывіце».
Иезекииль 18 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча