Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Иезекииль 46 глава

1 Так кажа Гасподзь Бог: брама ўнутранага двара, якая выходзіць на ўсход, павінна быць замкнутая шэсьць дзён, а ў суботні дзень яна павінна быць адчыненая і ў дзень маладзіка павінна быць адчыненая.
2 Князь пойдзе празь зьнешні бабінец брамы і стане каля вяроўкі гэтае брамы; і сьвятары ўчыняць ягонае цэласпаленьне і ягоную падзякавальную ахвяру; і ён каля парога брамы паклоніцца Госпаду і выйдзе, а брама застанецца незамкнутая да вечара.
3 І народ зямлі будзе пакланяцца перад Госпадам пры ўваходзе ў браму, у суботы і ў дні маладзіка.
4 Цэласпаленьне, якое князь прынясе Госпаду ў суботні дзень, павінна быць з шасьці ягнят без заганы і з барана без заганы;
5 хлебнага прынашэньня эфа на барана, а на ягнят хлебнага прынашэньня, колькі рука ягоная падасьць, а алею гін на эфу.
6 У дзень маладзіка будуць прыносіцца ім са статку валоў цяля без заганы, таксама шэсьць ягнят і баран без заганы.
7 Хлебнага прынашэньня ён прынясе эфу на цяля і эфу на барана, а на ягнят, колькі рука ягоная падасьць, і алею гін на эфу.
8 І калі будзе прыходзіць князь, дык павінен уваходзіць праз бабінец брамы і тою ж дарогаю выходзіць.
9 А калі народ зямлі будзе прыходзіць перад аблічча Госпада на сьвяты, дык той, хто ўвойдзе праз паўночную браму на пакланеньне, павінен выходзіць паўднёваю брамаю, а хто ўвайшоў праз паўднёвую браму, павінен выходзіць паўночнаю брамаю; ён не павінен выходзіць праз тую самую браму, празь якую ўвайшоў, а павінен выходзіць у процілеглую.
10 І князь павінен быць сярод іх; калі яны ўваходзяць, уваходзіць і ён; і калі яны выходзяць, выходзіць і ён.
11 І на сьвяты і ва ўрачыстыя дні хлебнага прынашэньня ад яго павінна быць па эфе на цяля і па эфе на барана, і на ягнят, колькі падасьць рука ягоная, і алею па гіну на эфу.
12 А калі князь, у меру дбаньня свайго, захоча прынесьці цэласпаленьне альбо падзякавальную ахвяру Госпаду, дык павінен адчыніць яму ўсходнюю браму, і ён учыніць сваё цэласпаленьне і сваю падзякавальную ахвяру гэтак сама, як учыніў у суботні дзень, і пасьля гэтага ён выйдзе, і пасьля выхаду яго брама зачыніцца.
13 Кожны дзень прынось Госпаду на цэласпаленьне гадавалае ягня без заганы; кожнае раніцы прынось яго.
14 А хлебнага прынашэньня дадавай да яго кожнае раніцы шостую частку эфы і алею трэцюю частку гіна, каб распусьціць муку; такая вечная пастанова пра хлебнае прынашэньне Госпаду, назаўсёды.
15 Хай прыносяць на цэласпаленьне ягня і хлебнае прынашэньне і алей кожнае раніцы пастаянна.
16 Так кажа Гасподзь Бог: калі князь дае каму з сыноў сваіх дарунак, дык гэта павінна пайсьці ў спадчыну і ягоным сынам; гэта валоданьне іх павінна быць спадчынным.
17 Калі ж ён дасьць са спадчыны сваёй каму-небудзь з рабоў свой дарунак, дык гэта будзе належаць яму толькі да году вызваленьня, і тады вернецца да князя. Толькі да сыноў ягоных павінна пераходзіць спадчына ягоная.
18 Але князь ня можа браць са спадчыннай дзялянкі народу, выцясьняючы іх з валоданьняў іхніх; са свайго толькі валоданьня ён можа выдзяляць дзецям сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў гнаны са свайго валоданьня.
19 І прывёў ён мяне тым ходам, які з боку брамы, да сьвяшчэнных пакояў для сьвятароў, што на поўнач, і вось там адно месца на краі на захад.
20 І сказаў мне; гэта месца, дзе сьвятары павінны гатаваць ахвяру за злачынства і ахвяру за грэх, дзе павінны пячы хлебнае прынашэньне, ня выносячы яго на зьнешні двор, для асьвячэньня народу.
21 І вывеў мяне на зьнешні двор і правёў мяне па чатырох рагах двара, і вось у кожным куце двара яшчэ двор.
22 Ва ўсіх чатырох кутах двара былі пакрытыя двары ў сорак локцяў даўжыні і трыццаць шырыні, адной меры ва ўсіх чатырох кутах.
23 І вакол усіх чатырох — сьцены, а каля сьцен зроблены агмені вакол.
24 І сказаў мне: вось кухні, у якіх службіты храма гатуюць ахвяры народныя.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.