Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 46 глава

1 Вось што кажа Госпад Бог: «Брама ўнутранага панадворка, звернутая на ўсход, будзе замкнутая шэсць дзён тыдня, у якія працуюць, а ў дзень суботні будзе адкрытая, але і ў дзень маладзіка павінна быць адкрытая;
2 і валадар павінен прыйсці звонку праз прысенкі брамы і стаць каля вушака брамы, і святары мусяць скласці яго цэласпаленне і яго ахвяры прымірэння, і ён сам павінен маліцца на парозе брамы і выйсці; брама ж павінна быць не замкнутая аж да вечара.
3 І народ зямлі павінен у прысенках брамы гэтае пакланяцца Госпаду ў дні суботы і ў час маладзіка.
4 Ахвяру ж цэласпалення гэтую валадар хай складае для Госпада: у дзень суботы — шэсць ягнят без заганы і аднаго барана без заганы,
5 і ахвяру з ежы з адной эфы на барана, а ахвяру з ежы на авечку — колькі дасць рука яго, і гін алею на кожную эфу;
6 а на дзень маладзіка мае гэта быць адно маладое цяля са статка, без заганы, і шэсць авечак, і адзін баран, — усе без заганы,
7 і адну эфу на маладое цяля, таксама адну эфу на барана мусіць ён ускласці як ахвяру з ежы, а на авечак — колькі дасць рука яго, і адзін гін алею на кожную эфу.
8 І калі жадае прыйсці валадар, павінен ён увайсці праз прысенкі брамы і выйсці зноў той жа самай дарогай.
9 І калі народ зямлі ў час урачыстасці з’яўляецца перад Госпадам, то той, хто ўваходзіць праз паўночную браму, каб пакланіцца, мусіць выйсці праз паўднёвую браму, а хто ўваходзіць праз паўднёвую браму, мусіць выйсці праз паўночную браму: ніхто не павінен вяртацца той жа самай брамай, праз якую ўвайшоў, але мусіць выйсці праз супрацьлеглую.
10 А валадар мусіць быць пасярод іх: калі яны прыходзяць, мусіць і ён прыйсці, а калі ідуць, мусіць і ён ісці.
11 І ў час святаў і ўрачыстасцей хай будзе ахвяра з ежы на эфу з маладога цяляці і на эфу з барана; а на кожную з авечак хай будзе ахвяра з ежы, колькі дасць рука яго, і гін алею на кожную эфу.
12 А калі валадар учыніць добраахвотную ахвяру цэласпалення ці добраахвотную ахвяру прымірэння для Госпада, то хай адкрыюць яму браму, якая выходзіць на ўсход, і хай складзе ён сваё цэласпаленне і свае ахвяры прымірэння так, як гэта звычайна робіць у суботу, і хай выйдзе, ды хай замкнуць браму па яго адыходзе.
13 І кожны дзень ты мусіш для Госпада ахвяраваць аднагадовае ягня без заганы як цэласпаленне; мусіш яго прыносіць кожную раніцу.
14 І як ахвяру з ежы павінен ты, акрамя таго, кожную раніцу ўскладаць адну шостую эфы і адну трэцюю гіна алею, каб акрапіць найчысцейшую муку; ахвяра з ежы для Госпада хай будзе заўсёды законнай і вечнай.
15 Трэба кожную раніцу ўскладаць авечку, і ахвяру з ежы, і алей як ахвяру вечную».
16 Гэта кажа Госпад Бог: «Калі валадар хоча штосьці падараваць аднаму са сваіх сыноў са сваёй спадчыны, то павінна гэта належаць яго сынам; і мае яно быць іх спадчыннай уласнасцю.
17 Калі ж ён хоча штосьці завяшчаць са сваёй уласнасці аднаму з паслугачоў сваіх, то мусіць гэта належаць яму аж да года яго вызвалення, — і мае вярнуцца да валадара; толькі тая ўласнасць, што ён дасць сваім сынам, мае ім належаць.
18 І валадару нельга забраць нічога з уласнасці народа, абдзіраючы яго гвалтам з яго ўласнасці, але са сваёй уласнасці можа ён даць спадчыну сваім сынам, каб ніхто з Майго народа не быў пазбаўлены сваёй уласнасці».
19 І правёў ён мяне праз уваход, што быў з боку брамы, у святыя пакоі, прызначаныя святарам, што былі на паўночным баку, і там было месца ў самым далёкім рагу з заходняга боку;
20 і сказаў мне ён: «Гэта месца, дзе святары будуць гатаваць ахвяры за злачынства і за грэх, дзе будуць пячы ахвяру з ежы, каб не мусілі іх выносіць на знешні панадворак, асвячаючы гэтым народ».
21 І завёў ён мяне на знешні панадворак і абвёў мяне каля чатырох рагоў панадворка, і вось, у кожным рагу панадворка былі малыя панадворкі.
22 У чатырох рагах панадворка былі закрытыя малыя панадворкі, даўжынёю ў сорак локцяў і шырынёю ў трыццаць локцяў: усе чатыры мелі той жа самы памер.
23 І кругом стаяў мур, які агібаў чатыры малыя панадворкі, і пад мурамі вакол былі размешчаны вогнішчы.
24 І сказаў ён мне: «Гэта дамы на гатаванне, дзе паслугачы дома Госпада маюць варыць ахвяры народа».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.