Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Деяния 1 глава

1 Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку
2 аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў,
3 якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае;
4 і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне;
5 бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
6 Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю?
7 А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай;
8 а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі.
9 Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх.
10 І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні
11 і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба.
12 Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады.
13 І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў;
14 усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі.
15 І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў —
16 (а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) — мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса;
17 бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага;
18 але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя;
19 і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае «зямля крыві».
20 А ў кнізе Псальмаў напісана: «хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе», і: «пасад ягоны іншы хай прыйме».
21 Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус,
22 пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго.
23 І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія,
24 і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,
25 прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца.
26 І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.