Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Деяния 1 глава
1 Першае апавяданьне, о Тэахвіле, (я) напісаў пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму навучаў,
2 аж па той дзень (у які) быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх (Ён) выбраў,
3 якім і зьявіў Сябе жывым пасьля пакуты Сваёй са многімі доказамі, на праця́гу сарака дзён зьяўляючыся ім ды кажучы пра Валадарства Бога.
4 І сабраўшы (іх) загадаў ім: зь Ярузаліму ня выходзіць, але чакаць абяцаньне Ба́цькі, якое (вы) чулі ад Мяне;
5 бо Яан хрысьціў у вадзе, а вы будзеце ахрышчаны ў Духу Сьвятым пасьля прашэсьця нямногіх гэтых дзён.
6 Дык яны, зыйшоўшыся ра́зам, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе! ці ня ў гэтым часе аднаўляеш (Ты) Валадарства Ізраэлю?
7 А (Ён) сказаў ім: ня вам ведаць (канкрэтныя) часы ды (канкрэтныя) по́ры, якія Бацька паклаў ва Ўладзе Сваёй.
8 Але (вы) прымеце сілу зыйшоўшага на вас Сьвятога Духа, і будзеце Мне сьведкамі ў Ярузаліме і ва ўсёй Юдэі і Самары, і нават да краю зямлі.
9 І сказаўшы гэта (Ён) быў узьнесены на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхных.
10 І калі (яны) углядаліся на неба падчас ушэсьця Ягонага, і вось два мужчыны станулі перад імі ў белым адзеньні,
11 якія і сказалі: мужчыны галілейцы! што (вы) стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, забраны ад вас на Неба, прыйдзе такім жа чынам, як (вы) бачылі Яго ўзыходзячым на Неба.
12 Тады (яны) вярнуліся ў Ярузалім з гары называнай Аліваў, што непадалёк ад Ярузаліму ў (адлегласьці) суботняга ходу.
13 І калі прыйшлі, падняліся ў верхні пакой, дзе і засталіся: Пётра і Якуб і Яан, і Андрэй, Піліп і Хама, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алхвеяў і Сымон Зілот, ды Юда, (брат) Якуба.
14 Усе яны аднадушна былі ў малітве і маленьні (разам) з жанчынамі ды з Марыляю, маткай Ісусавай ды з братамі Ягонымі.
15 І ў гэныя дні Пётра, устаўшы пасярод вучняў, сказаў — а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх:
16 мужчыны браты! належала споўніцца Пісаньню гэтаму, якое прадказаў Дух Сьвяты праз вусны Давідавыя пра Юду, які стаў павадыром тых, што схапілі Ісуса,
17 бо (ён) быў залічаны да нас і атрымаў удзел у служэньні гэтым,
18 ён жа атрымаў зямлю як узнагароду за няправеднасьць і раздуўшыся рынуўся, і лопнуў жывот (ягоны), і вываліліся ўсе вантробы ягоныя.
19 І стала вядомым (гэта) усім жыхара́м Ярузаліму, так што зямля тая на іхняй роднай гаворцы завецца Акельдама́, што значыць зямля крыві.
20 Бо напíсана ў Кнізе Псальмаў: хай двор ягоны стане пустым, і няхай ніхто ня жыве ў ім; і: пасад ягоны хай прыйме іншы.
21 Дык трэба, каб із тых мужчын, што былі з намі праз увесь час, як прыходзіў і адыходзіў ад нас Госпад Ісус,
22 пачаўшы ад хрышчэньня Яанавага ажно да дня, калі (Ён) быў узьнесены ад нас, — які быў разам з намі сьведкай уваскрасе́ньня Ягонага, — (выбраць) аднаго зь іх.
23 І паставілі двух: Язэпа, званага Барсабай, празванага Юстам, і Мацьвія
24 і, памаліўшыся, (яны) сказалі: Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрца ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, каго (Ты) выбраў
25 прыняць удзел у служэньні гэтым і Апо́стальстве, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці ў сваё мейсца.
26 І кінулі жэрабе аб іх, і выпала жэрабе на Мацьвія, і (ён) быў далучаны да адзінаццацёх Апосталаў.
Деяния 1 глава в переводах