Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Деяния 1 глава
1 Пе́ршую аповесьць, Тэафілю, учыніў я аб усім, што Ісус рабіў ды навучаў
2 да дня, у які ўзьнёсся, даўшы праз Духа Сьвятога загады Апосталам, якіх выбраў,
3 ды прад якімі зьяўляўся жывы пасьля мукаў Сваіх у чысьленых зьявах, у працягу сараку дзён паказываючыся ім ды кажучы аб царстве Божым.
4 І, сабраўшы іх, загадаў ім не выхадзіць з Ерузаліму, а чакаць на абве́шчанае ад Айца, аб чым вы чулі ад мяне́:
5 што Іоан хрысьціў вадой, а вы цераз колькі дзён будзеце ахры́шчаны ў Духу Сьвятым.
6 Дык яны, зыйшоўшыся разам, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе, ці ня ў гэтым часе адбудуеш царства Ізраілю?
7 Ён жа сказаў да іх: ня вам ве́даць час ці пару́, што Аце́ц паклаў у ўладзе Сваёй;
8 але пры́меце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне́ сьве́дкамі і ў Ерузаліме, і ў-ва ўсе́й Юдэі й Самарыі, ды ажно па край зямлі.
9 І, сказаўшы гэтае, Ён узьнёсся перад вачыма іхнімі, і хмара ўзяла Яго ад вачэй іх.
10 Калі-ж яны пільна ўглядаліся ў не́ба, як Ён адыходзіў, вось двое мужоў станулі перад імі ў белых вопратках,
11 дый сказалі яны: Мужы Галіле́йскія! Чаго стаіцё, узіраючыся на не́ба? Гэты Ісус, узяты ад вас на не́ба, прыдзе гэтак сама, як бачылі вы Яго ўзыходзячы на не́ба.
12 Тады яны вярнуліся ў Ерузалім з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузаліму, за дзень суботні ходу.
13 І, увайшоўшы, узыйшлі ў сьвятліцу, дзе́ былі Пётр і Якуб, і Іоан, і Андрэй, Піліп і Хама́, Баўтраме́й ды Мацьве́й, Якуб Алфе́явы й Сымон Зілот, ды Юда Якубаў.
14 Усе́ яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі й Марыяй, Маткай Ісусавай, ды братамі Ягонымі.
15 І ў гэныя дні Пётр, устаўшы сярод вучняў, сказаў (а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх).
16 Мужы браты! Тое пісаньне, якое праз вусны Давідавыя Дух Сьвяты прадказаў пра Юду, што быў павадыром тых, каторыя ўзялі Ісуса, — мусіла збыцца;
17 быў ён палічаны з намі, і лёс вызначыў яму частку ў служэньні гэтым,
18 але цаной крыўды прыдбаў ён зямлю і, рынуўшыся, разьдзе́рся папалове, і вывалілася з яго ўсё шлуньне ягонае.
19 І сталася ве́дама ўсім жы́харам Ерузаліму; дык поле гэнае названа ў іхняй гутарцы Акельдама́, гэта ёсьць зямля крыві.
20 Бо напісана ў кнізе псальмаў: Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто ня жыве ў ім, дый: дагляд ад яго возьме другі (Псальм 68:26; 108:8).
21 Дык трэба, каб із тых мужоў, што зыходзіліся з намі праз уве́сь час, як прыходзіў і адыходзіў ад нас Госпад Ісус,
22 пачынаючы ад хрышчэньня Іоанавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін із іх стаўся-бы разам з намі сьве́дкай уваскрасе́ньня Яго.
23 І паставілі двух: Язэпа, званага Варсавай, па мянюшцы Юста, ды Мацьве́я;
24 і, молячыся, казалі: Ты, Госпадзе, які ве́даеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, каго Ты выбраў,
25 каб узяў частку ў служэньні гэтым і апостальстве, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на сваё ме́сца.
26 І кінулі жэрабе аб іх, і выпала жэрабе на Мацьве́я, і далучаны быў да адзінаццацёх Апосталаў.
Деяния 1 глава в переводах