Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Евреям 6 глава
1 Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
2 вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
3 І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
4 Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
5 і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
6 і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
7 Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
8 а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
9 А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
10 Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
11 А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
12 каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
13 Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
14 кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
15 І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
16 Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
17 Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
18 каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
19 якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
20 куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.
Евреям 6 глава в переводах