Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Евреям 6 глава
1 Дзеля таго, пакінуўшы пачаткі слова Хрыстова, пяройдзем да спраў больш дасканалых, не беручыся зноў закладваць падмуркі адносна навяртання ад мёртвых учынкаў і адносна веры ў Бога,
2 навукі аб хросце, а таксама ўскладанні рук, уваскрэсенні мёртвых і вечным судзе.
3 І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
4 Бо немагчыма, каб тыя, што ўжо раз былі асвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Святога,
5 якія пакаштавалі добрага Божага слова і магутнасць будучага веку
6 ды адпалі, крыжуючы зноў у саміх сабе Сына Божага і зневажаючы Яго, маглі быць адноўлены да навяртання.
7 Бо зямля, што напойваецца частым дажджом і родзіць расліны на карысць тым, якія апрацоўваюць яе, атрымлівае дабраславенне ад Бога.
8 А калі родзіць церні і пустазелле, дык яна непрыдатная і блізкая да праклёну, і канец яе — спаленне.
9 Спадзяёмся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і трымаецеся збаўлення, хоць мы і гаворым гэтак.
10 Бо Бог справядлівы і не забудзе ўчынкаў вашых і працу любові, якую выказалі вы дзеля імя Яго, вы, якія паслугавалі і паслугуеце святым.
11 Жадаем, каб кожны з вас выявіў такую ж руплівасць ва ўдасканаленні надзеі аж да канца,
12 каб не сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі паслядоўнікамі тых, якія вераю і доўгацярплівасцю бяруць у спадчыну абяцанне.
13 Бо Бог, даючы абяцанне Абрагаму, не маючы нікога вышэйшага, каб мог ім прысягнуць, прысягнуў Самім Сабою,
14 сапраўды кажучы: «Дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе».
15 І так, доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае.
16 Бо людзі вышэйшым ад сябе прысягаюць, і кожная спрэчка між імі канчаецца прысягаю на сцвярджэнне.
17 Дзеля таго і Бог, хочучы для спадкаемцаў абяцання больш выявіць непарушнасць Свайго намеру, скарыстаўся прысягай,
18 каб праз дзве нязменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную ўцеху, мы, што збягаемся, каб узяць дадзеную нам надзею,
19 якую маем як якар душы, бяспечны і пэўны, які пранікае ва ўнутранае аж за заслону,
20 куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасвятаром навек.
Евреям 6 глава в переводах