Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Марка 15 глава
Езус перад Пілатам1 З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату.
2 Пілат спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш».
3 І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім.
4 Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе».
5 Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.
6 На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі.
7 Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
8 І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім.
9 Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам караля юдэйскага?»
10 Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці.
11 Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу.
12 Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце каралём юдэйскім?»
13 Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!»
14 Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
15 Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
Укаранаванне цернем16 Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту.
17 Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго.
18 І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль юдэйскі!»
19 Білі Яго па галаве трысцінай і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму.
20 А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.
Укрыжаванне Езуса21 І прымусілі нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж.
22 Прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца Чэрапа».
23 І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.
24 Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць.
25 Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
26 І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль юдэйскі».
27 Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго.
28 [отсутсвует]
29 Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш,
30 уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!»
31 Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць.
32 Хрыстус, кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.
Смерць Езуса33 Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
34 А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
35 Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю».
36 А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».
37 Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.
38 І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.
39 Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».
40 Былі таксама жанчыны, якія глядзелі здалёк. Сярод іх была Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба малодшага і Юзафа, і Саламея, якія тады,
41 калі Ён быў у Галілеі, спадарожнічалі і служылі Яму, а таксама многія іншыя, якія разам з Ім прыйшлі ў Ерузалем.
Пахаванне42 Калі звечарэла, і паколькі была пятніца, гэта значыць пярэдадзень шабату,
43 прыйшоў Юзаф з Арыматэі, дастойны дарадчык, які і сам чакаў Валадарства Божага, і адважыўся ўвайсці да Пілата, каб прасіць цела Езуса.
44 Пілат здзівіўся, што Ён ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно сканаў.
45 Даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Юзафу.
46 Ён, купіўшы палатно і зняўшы цела, захінуў у палатно і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале, і прываліў камень да яе ўваходу.
47 А Марыя Магдалена і Марыя Юзафа глядзелі, дзе Яго паклалі.
От Марка 15 глава в переводах