Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Марка 16 глава
Пустая магіла1 Калі мінуў шабат, Марыя Магдалена, Марыя Якубава і Саламея купілі духмянасцяў, каб пайсці і намасціць Езуса.
2 Вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўзышло сонца,
3 і гаварылі між сабою: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?»
4 І паглядзеўшы, убачылі, што камень адсунуты, а быў ён вельмі вялікі.
5 Увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся.
6 А ён сказаў ім: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго.
7 Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам”».
8 Яны выйшлі і пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх і здзіўленне. Нікому таксама нічога не расказалі, бо баяліся.
ЗАКАНЧЭННЕ ЕВАНГЕЛЛЯЗ’яўленне ўваскрослага Хрыста9 Калі Езус уваскрос раніцай у першы дзень тыдня, Ён з’явіўся найперш Марыі Магдалене, з якой Ён выгнаў сем злых духаў.
10 Яна пайшла і расказала тым, хто быў з Ім, якія смуткавалі і плакалі.
11 А яны, хоць і пачулі, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі.
12 Пасля гэтага Езус з’явіўся ў іншай постаці двум з іх, якія ішлі ў вёску.
13 Тыя вярнуліся і абвясцілі астатнім, але ім таксама не паверылі.
14 Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны былі за сталом, і папракаў іх за бязвер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага.
15 Ён сказаў ім: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню.
16 Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны.
17 Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі;
18 змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не пашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць».
Унебаўшэсце19 Пасля размовы з імі Пан Езус узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога.
20 А яны пайшлі і паўсюль прапаведавалі. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.
От Марка 16 глава в переводах