Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

От Луки 12 глава

Фарысейская закваска1 Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: «Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай.
2 Няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым.
3 Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
Адвага ў вызнанні Хрыста4 Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць.
5 Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся.
6 Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам.
7 А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся, вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
8 Кажу вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі.
9 А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, той будзе адрынуты перад анёламі Божымі.
10 Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана.
11 Калі павядуць вас у сінагогі, да кіраўнікоў і ўлад, не турбуйцеся, што ці як адказваць у абарону ці што сказаць,
12 бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць».
Небяспека прагнасці13 Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».
14 Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?»
15 І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці».
16 І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле.
17 І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”.
18 І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
19 І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”.
20 Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?”
21 Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».
Спадзяванне на Бога22 І сказаў сваім вучням: «Таму кажу вам: не турбуйцеся аб сваім жыцці, што будзеце есці, і пра цела, у што апранацца.
23 Бо жыццё важнейшае за ежу, а цела — за вопратку.
24 Паглядзіце на крумкачоў: яны не сеюць і не жнуць, не маюць ні сховішчаў, ні засекаў, а Бог корміць іх. Наколькі ж вы больш каштоўныя за птушак.
25 І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць бы локаць?
26 Дык калі вы не можаце зрабіць нават дробнай справы, чаму турбуецеся пра астатняе?
27 Паглядзіце на палявыя кветкі, як растуць. Яны не працуюць і не ткуць. Але кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
28 І калі палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, то наколькі ж больш вас, малаверныя.
29 І вы не шукайце, што вам есці і што піць, і не турбуйцеся.
30 Бо усяго гэтага шукаюць людзі гэтага свету. Айцец ваш ведае, што вам патрэбна.
31 Шукайце найперш Яго Валадарства, і гэта дадасца вам.
Скарб у нябёсах32 Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства.
33 Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць.
34 Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Заклік да чування35 Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя;
36 а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
37 Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім.
38 І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны.
39 Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой.
40 І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».
Прыпавесць пра вернага слугу41 Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?»
42 Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба?
43 Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць.
44 Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго.
45 Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца,
46 то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі.
47 А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты.
48 Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
Спакой і падзелы49 Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!
50 Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца!
51 Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне.
52 Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх.
53 Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві».
Знакі часу54 І сказаў натоўпу: «Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж будзе”, і так адбываецца.
55 А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Спякота будзе”, і так адбываецца.
56 Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце?
57 Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае?
Суд і паяднанне58 Калі ідзеш з праціўнікам тваім да кіраўніка, то па дарозе пастарайся пагадніцца з ім, каб ён не прывёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе дазорцу, а дазорац не ўкінуў цябе ў вязніцу.
59 Кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняй лепты».

От Луки 12 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.