Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Луки 13 глава
Заклік да пакаяння1 У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.
2 А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі?
3 Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце.
4 Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме?
5 Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце».
Прыпавесць пра неўраджайную смакоўніцу6 І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў.
7 Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?”
8 Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем.
9 Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”».
Аздараўленне жанчыны ў шабат10 У адной з сінагог Ён навучаў у шабат.
11 Была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца.
12 Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: «Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй».
13 Ён усклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала праслаўляць Бога.
14 Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у шабат, сказаў народу: «Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату».
15 А Пан сказаў яму ў адказ: «Крывадушнікі, ці не адвязвае кожны з вас у шабат вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць?
16 А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?»
17 Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.
Прыпавесць пра гарчычнае зерне і закваску18 А Ён казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго?
19 Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у сваім садзе. А яно вырасла і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя зрабілі гнёзды ў галінах яго».
20 І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?
21 Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».
Вузкая брама22 Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў.
23 І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» А Ён сказаў ім:
24 «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.
25 Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”.
26 І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”.
27 Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”.
28 Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон.
29 Прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і сядуць за стол у Валадарстве Божым.
30 І вось, апошнія будуць першымі, а першыя будуць апошнімі».
Напамін для Ерузалема31 У той час прыйшлі некаторыя з фарысеяў і сказалі: «Ідзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе».
32 А Ён сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось выганяю злых духаў і аздараўляю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу.
33 Аднак мне трэба хадзіць сёння, заўтра і ў наступны дзень, бо немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам”.
34 Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі.
35 Вось, застаецца вам дом ваш. Кажу ж вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана”».
От Луки 13 глава в переводах