Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Римлянам 8 глава
Жыццё ў Духу1 Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе,
2 бо закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці.
3 Закон быў бяссільны, бо быў аслаблены целам. Таму Бог, паслаўшы свайго Сына ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе,
4 каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія жывуць не паводле цела, але паступаюць паводле Духа.
5 Бо тыя, хто жыве паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле Духа, — аб духоўным.
6 Памкненні ж цела — смерць, а памкненні Духа — жыццё і спакой.
7 Памкненні цела — непрыяцелі Бога, бо не пакараюцца Божаму закону, ды і не могуць.
8 Тыя ж, хто жыве паводле цела, не могуць падабацца Богу.
9 Вы ж не ў целе, але ў Духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто не мае Хрыстовага Духа, той не належыць Яму.
10 Калі ж у вас Хрыстус, то хоць цела мёртвае з-за граху, аднак Дух дае жыццё дзякуючы апраўданню.
11 Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў Езуса, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які ёсць у вас.
Сыны Божыя праз Духа12 Таму, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.
13 Бо калі жывяце паводле цела, то памрэце; а калі забіваеце Духам цялесныя ўчынкі, будзеце жыць.
14 Таму што ўсе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя.
15 Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!»
16 Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя.
17 А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца.
18 Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас.
Прызначаныя для хвалы19 Стварэнне ж з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых,
20 бо стварэнне падпарадкавалася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто падпарадкаваў яго, у надзеі,
21 што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых.
22 Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу.
23 І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага.
24 Мы збаўленыя праз надзею. А надзея, калі яна бачная, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца?
25 Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.
26 Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі.
27 Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.
План збаўлення28 Мы ведаем таксама, што ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове.
29 Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прызначыў быць падобным да вобраза свайго Сына, каб Ён быў першародным між многімі братамі.
30 Каго ж прызначыў, таго і паклікаў, а каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў.
Гімн Божай любові31 Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
32 Той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?
33 Хто будзе абвінавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае?
34 Хто будзе асуджаць іх? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас?
35 Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч?
36 Як напісана: «За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз».
37 Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас.
38 Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы,
39 ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.
Римлянам 8 глава в переводах