Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Римлянам 8 глава
1 Дык вось няма цяпе́р ніякага асуджэньня тым, што́ ў Хрысьце Ісусе не паводле це́ла, але паводле духа ходзяць,
2 бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе звольніў мяне́ ад закону грэху й сьме́рці.
3 Як закон, аслаблены це́лам, быў бяссільны, дык Бог, паслаўшы Сына Свайго ў кшталце це́ла грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у це́ле,
4 каб апраўданьне закону выпаўнілася ў нас, каторыя ня водле це́ла, але водле духа ходзім.
5 Бо тыя, што водле це́ла жывуць, аб цяле́сным думаюць; а тыя, што водле духа, — аб духоўным.
6 Бо думкі цяле́сныя ёсьць сьме́рць, а думкі духоўныя — жыцьцё і мір,
7 бо цяле́сныя думкі ёсьць варожасьць да Бога: бо не пакараюцца закону Божаму дый ня могуць.
8 Тыя-ж, што жывуць водле це́ла, Богу дагадзіць ня могуць.
9 Але вы ня ў це́ле, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве́ ў вас. Калі-ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той і не Ягоны.
10 Калі-ж у вас Хрыстос, дык це́ла мёртва дзеля грэху, а дух жывы дзеля праведнасьці.
11 Калі-ж Дух Таго, Хто ўскрасіў із мёртвых Ісуса, жыве́ ў вас, дык Той, Хто ўскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы сьмяротныя це́лы Духам Сваім, што жыве́ ў вас.
12 Дык вось, браты, мы — даўжнікі ня це́ла, каб жыць водле це́ла;
13 бо, калі жывецё водле це́ла, то памрэцё; а калі духам цяле́сныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце.
14 Бо ўсе́, Духам Божым ве́дзеныя, ёсьць Сыны Божыя;
15 бо вы ня прынялі духа няволі ізноў на страх, але прынялі Духа ўсынаўле́ньня, у якім і клічам: Авва, Ойча!
16 Гэты самы Дух сьве́дчыць духу нашаму, што мы — дзе́ці Божыя,
17 а калі дзе́ці, дык і насьле́днікі: насьле́днікі Божыя, насьле́днікі супольне з Хрыстом, калі і це́рпім з Ім мукі, дык каб з Ім і ўславіцца.
18 Бо думаю, што мукі цяпе́рашняга часу недастойныя тае́ славы, што мае выявіцца ў нас.
19 Бо надзея стварэньня чакае адкрыцьця сыноў Божых,
20 бо стварэньне пакарылася марнасьці не самахоць, але па волі пакарыўшага, у надзе́і,
21 што й само стварэньне вызвалена будзе з няволі тле́ньня на волю славы дзяце́й Божых.
22 Бо ве́даем, што ўсё стварэньне разам стогне й мучыцца дагэтуль,
23 дый ня толькі яно, але й мы самі, што маем зачатак Духа, і мы ў сабе́ стогнем, ждучы ўсынаўле́ньня, выкупленьня це́ла нашага.
24 Бо мы вызвалены надзе́яй. Надзе́я-ж бачаная ня ёсьць надзе́я; бо калі хто бачыць, дык чаго яму й спадзявацца?
25 Але, калі спадзяе́мся таго, чаго ня бачым, дык чакаем цярпліва.
26 Гэтак сама й Дух дапамагае ў слабасьцях нашых; бо мы ня ве́даем, аб чым маліцца, як трэба, але Сам Дух стараецца за нас стагнаньнямі нявымоўнымі.
27 Хто-ж выве́дывае сэрцы, Той ве́дае, якая думка ў Духа, бо Ён стараецца за сьвятых па волі Божай.
28 Дый ве́даем, што тым, хто любіць Бога, пакліканым па Яго пастанове, усё памагае на дабро;
29 бо, каго Ён напе́рад пазнаў, тым наперад і празначыў быць падобнымі да абраза Сына Свайго, каб Ён быў першако́м між многімі братамі;
30 а каго напе́рад празначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і уславіў.
31 Дык што-ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
32 Той, які Сына Свайго пе пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго?
33 Хто будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, які апраўдывае.
34 Хто асуджае? Хрыстос, які памёр, але-ж і ўваскрос. Ён і праваруч Бога, Ён і просіць за нас.
35 Хто адлучыць нас ад любві Божае? Гора, ці у́ціск, ці перасьле́даваньне, ці голад, ці нагата́, ці небясьпе́ка, ці ме́ч? Водле напісанага:
36 За Цябе́ забіваюць нас кожны дзе́нь; лічаць нас за аве́чкі, ахвяраваныя на зарэз (Псальм 43:23).
37 Але ўсё гэтае перамагаем праз Палюбіўшага нас.
38 Бо я пэўны, што ні сьме́рць, ні жыцьцё, ні ангелы, ні ўлады, ні сілы, ні цяпе́рашняе, ні будучае,
39 ні вышыня, ні глыбіня, ні другое якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любві Божае, што́ ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.
Римлянам 8 глава в переводах