Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Римлянам 8 глава
1 Значыць, няма цяпер ніякага асуджэння тым, што ў Хрысце Ісусе не паводле цела, а паводле Духа ходзяць;
2 бо закон Духа жыцця ў Хрысце Ісусе вызваліў мяне ад закону граху і смерці.
3 Бо што было немагчымым для закону, у якім была нядужасць праз цела, Бог, паслаўшы Сына Свайго ў падобнасці грэшнага цела ды дзеля граху, асудзіў грэх у целе,
4 каб апраўданне закону споўнілася ў нас, што жывём не паводле цела, але паводле Духа.
5 Бо тыя, што жывуць паводле цела, думаюць пра цялеснае, а тыя, што жывуць паводле Духа, — пра духоўнае.
6 Бо задумы цела ёсць смерць, а задумы Духа — жыццё ды супакой;
7 бо задумы цела варожыя Богу, таму што не скараюцца закону Божаму, дый не могуць.
8 І тыя, што жывуць паводле цела, не могуць падабацца Богу.
9 Вы, аднак, не жывяце паводле цела, але паводле Духа, калі толькі Божы Дух жыве ў вас. А калі хто не мае Духа Хрыстова, той не Яго.
10 А калі Хрыстос ёсць у вас, то хоць цела смяротнае дзеля граху, але дух жывы дзеля справядлівасці.
11 А калі ў вас жыве Дух Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, дык Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і смяротныя целы вашы праз Духа Свайго, Які жыве ў вас.
12 Дык вось, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.
13 Бо калі будзеце жыць паводле цела, памраце, а калі духам памярцвіце ўчынкі цела, будзеце жыць.
14 Бо ўсе тыя, якіх вядзе Дух Божы, ёсць сыны Божыя.
15 Вы ж не атрымалі духа няволі, ізноў на страх, але атрымалі вы Духа ўсынаўлення, у Якім клічам: «Абба, Ойча!»
16 Той Самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы — сыны Божыя.
17 А калі сыны, дык і спадкаемцы: спадкаемцы Бога, суспадчыннікі Хрыста; калі толькі з Ім разам церпім, каб разам з Ім і ўславіцца.
18 Бо мяркую, што цяперашніх цярпенняў нельга параўнаць з будучай славай, якая мае аб’явіцца ў нас.
19 Стварэнне бо прагна чакае аб’яўлення сыноў Божых.
20 Бо стварэнне скарылася марнасці не самахоць, але па волі Таго, Хто пакарыў, з надзеяй,
21 што і стварэнне таксама будзе вызвалена з няволі сапсаванасці на волю славы дзяцей Божых.
22 Бо ведаем, што ўсё стварэнне дагэтуль стогне і пакутуе супольна.
23 Ды не толькі, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ўнутры сябе ўздыхаем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага.
24 Бо мы ўжо збаўлены надзеяй, аднак надзея бачная — гэта не надзея; бо калі хто бачыць, дык хіба спадзяецца хтосьці на тое, што бачыць?
25 Калі, аднак, мы спадзяёмся на тое, чаго не бачым, то з цярплівасцю чакаем.
26 Падобна і Дух успамагае нашай кволасці; бо мы не ведаем, пра што маліцца, як трэба, але Сам Дух заступаецца за нас у невымоўных уздыханнях.
27 Той жа, Хто пранікае сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых згодна з Богам.
28 Ведаем таксама, што ўсё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога ды якія пакліканы па Яго пастанове.
29 Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына Свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі.
30 Тых жа, якіх прызначыў, тых і паклікаў, а якіх паклікаў, тых і апраўдаў, а якіх апраўдаў, тых і ўславіў.
31 Дык што на гэта скажам? Калі Бог за нас, дык хто супраць нас?
32 Той, Хто не пашкадаваў Сына Свайго, але выдаў Яго за ўсіх нас, як жа Ён не даруе і нам разам з Ім усяго?
33 Хто будзе вінаваціць выбраннікаў Божых? Бог апраўдвае іх.
34 Хто той, які асуджае? Хрыстос Ісус, Які памёр, але Які і ўваскрос, і Які сядзіць праваруч Бога, Ён заступаецца за нас.
35 Дык хто ж можа адлучыць нас ад любові Хрыстовай? Прыгнёт, ці ўціск, ці пераследаванне, ці голад, ці нястача, ці небяспека, ці меч?
36 Як напісана: «Дзеля Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі на зарэз».
37 Але ва ўсім гэтым атрымліваем перамогу праз Таго, Хто палюбіў нас.
38 Бо я ўпэўнены, што ані смерць, ані жыццё, ані анёлы, ані ўлады, ані сённяшні дзень, ані будучыня, ані магутнасці,
39 ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.
Римлянам 8 глава в переводах