Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

Притчи 31 глава

1 Словы караля Лемуеля, цяжар, што маці ягоная наўчыла яго.
2 Што, сыну мой? і што, сыну жывата майго? і што, сыну абятніцаў маіх?
3 Не аддавай жанкам сілы свае ані дарогаў сваіх тым, што губяць каралёў.
4 Не каралём, Лемуелю, не каралём піць віно ані князём хмельны напітак:
5 Каб, піўшы, не забыўся ўставы й не перакруціў суд усіх уцісканых.
6 Дайце хмельны напітак гінучаму і віно тым, каторым горка на душы.
7 Няхай ён вып’е, і забудзецца бядноту сваю, і стомы свае ня ўспомне балей.
8 Адчыні вусны свае дзеля немага, да суду ўсіх сыноў, што адыходзяць на вечнасьць.
9 Адчыні вусны свае, судзі справядліва й барані справу ўбогага а беднага.
10 Малайчыну жонку хто знойдзе? бо шмат большая за пэрлы цана яе.
11 Пэўнае да яе сэрца мужа ейнага, і прыбытку ня будзе нястачы.
12 Робе дабро яму, а ня ліха, усі дні жыцьця свайго.
13 Шукае воўны а лёну і ахвотна робе рукамі сваімі.
14 Яна, як караблі купецкія, здалеку дастаўляе емя свае.
15 І ўстаець яшчэ ночы, і раздаець ежу хатнім сваім, і належнае служэбкам сваім.
16 Яна падумала праз поле й прыдбала яго; з пладоў рук сваіх яна садзе вінішча.
17 Папяразуе сілаю сьцёгны свае й мацуе рукі свае.
18 Цеме, што тавар ейны добры; ня гасьне ночы сьветач ейны.
19 Выцягуе рукі свае да прасьніцы й дзяржыць верцяно ў далані сваёй.
20 Адчыняе даланю сваю беднаму і выцягуе рукі свае ўбогаму.
21 Не баіцца сьнегу ля дому свайго, бо ўвесь дом ейны апранены падвойна.
22 Яна тчэць сабе каберцы; шоўк а пурпура адзецьце ейнае.
23 Ведамны ля брамаў муж ейны, як сядзіць із старцамі зямлі.
24 Яна тчэць цянюсенькае палатно, і прадаець, і паясы Канаанянам — купцом.
25 Моц а чэсьць — адзецьце ейнае, і сьмяецца аж да апошняга дня.
26 Адчыняе вусны з мудрасьцяй, і навука міласьці на языццэ ў яе.
27 Яна глядзіць добра дарогаў дамовы свае і ня есьць хлеба ў дзяньгубстве.
28 Устаюць дзеці ейныя і завуць яе шчасьліваю; устаець муж ейны і хвале яе.
29 «Шмат якія дачкі прыдбалі цноту, але ты перайшла ўсі іх».
30 Прынаднасьць ашукная, і харашыня марная; жонка, што баіцца СПАДАРА, будзе ўхвалёна.
31 Дайце ёй з пладоў рук ейных, і няхай учынкі ейныя ўхваляць яе ля брамаў.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.