Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 27 глава
1 І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «І ты, сыну людзкі, завядзі пахоўную песьню па Тыру,
3 І скажы Тыру: "О ты, што стаіш ля ўходу ў мора, купец людаў шмат якіх абтокаў, гэтак кажа СПАДАР: "О Тыру, ты казаў: ’Я супоўная харашыня’.
4 У сэрцу мораў граніцы твае, будаўнічыя твае зрабілі супоўнаю харашыню тваю.
5 Зь кіпрысаў сэнірскіх зрабілі ўсі шалёўкі табе, узялі кедры зь Лібану, зрабіць машты табе;
6 З дубоў вашанскіх зрабілі дрыгалкі табе, лавы твае з буку абтокаў Кітымскіх прыбіралі сланёваю косьцю;
7 Цянюсенькага вышыванага палатна зь Ягіпту ўжывалі на вятрылы твае, на сьцяг твой; сінь а пурпура з абтокаў Еліскіх былі пакрыцьцям табе.
8 Жыхары Сыдону а Арваду былі тваімі плаўбітамі; мудрыцы, Тыру, былі ў цябе, і яны твае штырнікі;
9 Старцы Ґевалу й мудрыцы яго былі ў цябе шчытнікамі тваімі. Усі морскія караблі з маравікамі сваімі былі ў цябе, каб таргаваць таварамі тваімі.
10 З Пэрсі а Люду а Путу былі ў войску тваім воямі тваімі, шчыт а шолам вешалі ў цябе; яны дадавалі табе прыбору.
11 Сынове Арваду а Гэлеху былі навокал на сьценах тваіх; людзі з Ґамаду былі ў вежах тваіх, вешалі шчыты свае навокал на сьценах тваіх, завяршалі харашыню тваю.
12 З Таршышу былі купцы твае з прычыны вялікага багацьця кажнага роду; срэбра, золата, цыну а волава давалі за тавары твае.
13 Яван, Тувал а Мешэх — купцы твае; душы людзкія й мядзянае судзьдзе давалі за торг твой.
14 З дому Фоґарма коні, цялежкі а мулы давалі за тавары твае.
15 Сынове Дэдановы купцы твае. Шмат якія абтокі былі таварам рукі твае, менаю яны давалі табе сланёвую косьць а чорнае дзерва.
16 Арам быў купец твой з прычыны множасьці тавараў вырабу твайго; змарагд, пурпуру а вышываныя вырабы а цянюсенькае палатно а караль а аґат давалі за тавары твае.
17 Юда а зямля Ізраелява былі купцамі тваімі; пшонкаю мініфскаю а панаскаю а мёдам а аліваю а бальсамам плацілі за торг твой.
18 Дамашк — купцы твае множасьці вырабаў тваіх, з прычыны множасьці ўсялякага багацьця, віна з Гэлвону й белае воўны.
19 Дан а Яван із Узалу за тавары твае давалі вырабленае зялеза а касю а цынамон за торг твой.
20 Дэдан — купец твой дарагімі тканінамі да цялежак.
21 Араба а ўсі князі Кедару — купцы рукі твае ягнятамі а баранамі а козамі, гэтым яны купцы твае.
22 Купцы Шэвы а Раавы — купцы твае, духмяныя закрасы й усялякае дарагое каменьне а золата давалі за тавары твае.
23 Гаран а Канне а Едэн, шэўскія купцы, Асур а Хілмад — купцы твае;
24 Гэта купцы твае найвыбарнейшымі рэчмі, сінімі тканінамі а вышыванымі вырабамі а прыборамі ў скрыначках, у завязаных аборамі сутніках, і кедровае дзерва было меж тавару твайго.
25 Таршыскія караблі прывозілі дараваны тавараў тваіх, і ты вельма напоўніўся а ўславіўся сярод мора.
26 У вялікія воды завезьлі цябе плаўбіты твае; усходні вецер разьбіў цябе сярод мораў.
27 Багацьці твае а тавары твае, торг твой, маравікі твае а штырнікі твае, шчытнікі твае а загаднікі таварамі тваімі а ўсі воі, што ў цябе, а ўвесь збор твой, што сярод цябе, загінуць сярод мораў у дзень упаду твайго.
28 Ад гуку крыку штырнікаў тваіх здрыгануцца перадмесьці.
29 І зыйдуць із караблёў сваіх усі вяслуючыя, маравікі, усі штырнікі морскія, стануць на зямлю.
30 І прычыню, што голас іхны будзе чутны па табе, і горка загалосяць, і пасыпяць пылам галавы свае, і будуць валяцца ў попеле,
31 І зробяць самы сабе супоўную лысіну па табе, і папяражуцца зрэбнінаю, і заплачуць па табе ў гарчэлі сэрца гаркім плачам.
32 У плачу сваім завядуць пахоўную песьню па табе, вылічаньне па табе: "Хто, як Тыр, сьцішаны сярод мора?
33 Як тавары твае выходзілі з мора, ты сыціў шмат якія люды; множасьцяй багацьця свайго й таварам сваім ты багаціў каралёў зямлі.
34 І ў часе, як ты патрышчаны морам у глыбіні водаў, тавар твой і ўвесь груд твой сярод цябе загінулі.
35 Усі жыхары абтокаў зумеліся зь цябе, і каралёве іхныя балюча зьлякаліся, і віды іхныя заклапаціліся.
36 Купцы іхных людаў засьвісталі празь цябе; ты быў жахам, і ніколі ня будзе цябе"’"».
Иезекииль 27 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча