Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

Деяния 25 глава

1 Дык Фэст, прыбыўшы да павету, за тры дні выправіўся з Цэсарэі да Ерузаліму.
2 Тады найвышшыя сьвятары а галоўныя із Жыдоў паведамілі яго супроці Паўлы і малёгалі яго,
3 Зрабіць ласку — даставіць яго да Ерузаліму, цікуючы, каб забіць яго ў дарозе.
4 Але Фэст адказаў, што Паўла ў Цэсарэі пад вартаю, і што ён сам уборзьдзе прыедзе туды.
5 «Дык няхай, кажа ён, асобы з улады памеж вас ідуць із імною і, калі што ёсьць у гэтым чалавеку, вінуюць яго».
6 І, пабыўшы памеж іх не балей як восьмі альбо дзесяць дзён, зьвярнуўся да Цэсарэі; і наступнога дня, сеўшы на судовым седаве, расказаў прывесьці Паўлу.
7 І, як ён стаў, Жыды, што прышлі зь Ерузаліму, воступіцаю выказавалі шмат цяжкіх жалабаў, каторых не маглі давесьці.
8 Паўла ж на аправеньне свае сказаў: «Ані супроці Права жыдоўскага, ані супроці сьвятыні, ані супроці цэсара я ні ў чым не ізграшыў».
9 Але Фэст, зычачы ўбіцца Жыдом у ласку, адказуючы Паўлу, сказаў: «Ці зычыш узыйсьці да Ерузаліму, каб я там судзіў цябе што да гэтага?»
10 Паўла ж сказаў: «Я стаю перад судам цэсаравым, ідзе імне належа быць суджаным. Жыдом я нічога благога не зрабіў, як ты таксама добра ведаеш;
11 Бо калі запраўды мая няпраўда і зрабіў я што-колечы гожае сьмерці, то не адмаўляюся памерці; а калі нічога таго няма, у чым гэтыя вінуюць мяне, то ніхто ня можа выдаць мяне ім; адзываюся да цэсара».
12 Тады Фэст, пагутарыўшы з радаю, адказаў: «Ты адазваўся да цэсара, да цэсара й пойдзеш».
13 Як мінула колькі дзён, кароль Аґрыпа а Верніка прыбылі да Цэсарэі паздароваць Фэста.
14 І, як яны правялі там шмат дзён, Фэст выклаў перад каралём справу Паўлаву, кажучы: «Тут ё нейкі вязень, пакінены Хвэліксам,
15 Праз каторага, як я быў у Ерузаліме, паведамілі найвышшыя сьвятары а старцы жыдоўскія, вымагаючы засуджэньня яго.
16 Я адказаў ім, што няма абычаю ў Рымлян выдаваць чалавека, перш чымся абжалаваны будзе мець жалабнікаў аблічна і адзяржыць магчымасьць абароны ад абвінаваньня.
17 Як жа яны прышлі сюды, то, без адвалокі, назаўтрае я сеў на судовае седава і расказаў прывесьці таго чалавека.
18 Жалабнікі, стоячы тут, праз нішто такое не вінавалі, праз што я дапушчаў;
19 Але яны мелі некатрыя сьпярэчкі зь ім празь іх веру і празь якогась Ісуса памерлага, праз каторага Паўла цьвердзіў, што Ён жывы.
20 І, як я сам быў у клопаце што да гэтае справы, я сказаў: ці ня хоча ён ісьці да Ерузаліму і там быць суджаны што да гэтага?
21 Але як Паўла адазваўся, быць пакіненым на рассудак Аўгустаў, я расказаў дзяржаць яго, пакуль пашлю яго да цэсара».
22 Агрыпа ж сказаў Фэсту: «Я сам таксама хацеў бы паслухаць гэтага чалавека». «Заўтра, сказаў тый, ты пачуеш яго».
23 Дык назаўтрае Аґрыпа а Верніка прышлі зь вялікай пазорнасьцю і ўвыйшлі ў судовую гасподу з тысячнікамі а з начэльнікамі места, і Фэст даў расказаньне прывесьці Паўлу.
24 І сказаў Фэст: «Каролю Аґрыпа а ўсі прытомныя з намі мужы, вы бачыце гэтага, супроці каторага ўся множасьць Жыдоў зьвярнулася да мяне з просьбаю ў Ерузаліме й тут, крычачы, што ён ня мае балей жыць.
25 Але я даведаўся, што ён не зрабіў нічога гожага сьмерці, і ён сам адазваўся да Аўґуста, дык я пастанавіў паслаць яго.
26 Я ня маю нічога пэўнага напісаць свайму гаспадару; затым прывёў яго перад вас і асабліва перад цябе, каролю Аґрыпа, каб, па разглядзе, было імне што напісаць;
27 Бо імне здаецца, што неразважна, пасылаючы вязьня, ня выявіць жалабаў на яго».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.