Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Деяния 25 глава
Павел перад Фэстам. Зварот да цэзара1 Фэст, прыбыўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні адбыў з Цэзарэі ў Ерузалем.
2 Тады першасвятары і ўплывовыя юдэі паскардзіліся яму на Паўла і прасілі яго
3 зрабіць ласку і прыслаць Паўла ў Ерузалем, бо задумвалі забіць яго ў дарозе.
4 Але Фэст адказаў, што Паўла сцерагуць у Цэзарэі, і ён сам неўзабаве туды адправіцца.
5 «Тыя з вас, хто можа, — сказаў ён, — няхай пойдуць разам са мною і, калі ёсць штосьці заганнае ў гэтым чалавеку, няхай абвінавацяць яго».
6 Прабыўшы ў іх не больш за восем або дзесяць дзён, ён вярнуўся ў Цэзарэю. На другі дзень сеў на судовы пасад і загадаў прывесці Паўла.
7 Калі прывялі, вакол яго сталі юдэі, што прыйшлі з Ерузалема, і выказвалі супраць яго шмат цяжкіх абвінавачванняў, якіх не маглі даказаць.
8 Павел у сваё апраўданне сказаў: «Я ні ў чым не правініўся ні супраць юдэйскага Закону, ні супраць святыні, ні супраць цэзара».
9 Тады Фэст, жадаючы дагадзіць юдэям, адказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалем і там стаць перад судом у гэтых справах?»
10 Павел адказаў: «Я стаю перад судом цэзара, дзе мяне і належыць судзіць. Я не пакрыўдзіў юдэяў нічым, і ты добра ведаеш гэта.
11 Калі я ўчыніў злачынства і зрабіў штосьці вартае смерці, я не адмаўляюся памерці. Але калі няма нічога, у чым яны вінавацяць мяне, то ніхто не можа выдаць мяне ім. Я звяртаюся да цэзара!»
12 Тады Фэст, пагаварыўшы з радаю, адказаў: «Ты звярнуўся да цэзара, да цэзара і пойдзеш».
Павел перад Ірадам Агрыпам ІІ і Бэрэнікай13 Праз некалькі дзён кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
14 Паколькі яны прабылі там шмат дзён, Фэст растлумачыў справу Паўла каралю, кажучы: «Фелікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.
15 Калі я быў у Ерузалеме, першасвятары і старэйшыны Ізраэля падалі супраць яго скаргу, патрабуючы асуджэння.
16 Я адказаў ім, што рымляне не маюць звычаю асуджаць каго-небудзь на смерць, пакуль абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі і не атрымае магчымасці бараніцца ад закідаў.
17 Калі яны прыйшлі сюды, то я не марудзіў, але ў наступны дзень распачаў судовы працэс і загадаў прывесці таго чалавека.
18 Абвінаваўцы сталі вакол яго, але не падалі ніякага абвінавачвання ў тых злачынствах, якія я падазраваў.
19 Яны спрачаліся з ім пра іх вераванні і пра нейкага памерлага Езуса, пра якога Павел сцвярджае, што Ён жывы.
20 Не ведаючы, як вырашаць такія справы, я спытаўся ў яго, ці не хоча ён пайсці ў Ерузалем і там судзіцца за гэта.
21 Калі ж Павел пажадаў застацца пад вартаю, пакуль яго справу не разгледзіць цэзар, я загадаў сцерагчы яго, пакуль не адпраўлю да цэзара».
22 Агрыпа сказаў Фэсту: «Я хацеў бы паслухаць гэтага чалавека». «Заўтра, — сказаў той, — ты пачуеш яго».
23 Назаўтра Агрыпа і Бэрэніка прыйшлі з усёй пампезнасцю і ўвайшлі ў судовую залу з тысячнікамі і гарадской знаццю. На загад Фэста прывялі Паўла.
24 Фэст сказаў: «Кароль Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы, вы бачыце таго, супраць каго ўвесь народ юдэйскі выступіў перада мною ў Ерузалеме і тут з воклічамі, што ён не павінен больш жыць.
25 Але я пераканаўся, што ён не зрабіў нічога вартага смерці, а паколькі ён сам звяртаўся да цэзара, я вырашыў паслаць да яго.
26 Я не маю нічога канкрэтнага, каб напісаць пра яго гаспадару. Таму я прывёў яго да вас, асабліва да цябе, кароль Агрыпа, каб пасля гэтага разбіральніцтва мне было што напісаць.
27 Бо мне здаецца неразважным паслаць вязня, не падаўшы абвінавачанняў супраць яго».
Деяния 25 глава в переводах