Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Деяния 20 глава
1 Калі ж бунт суцíшыўся, Паўла, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, выйшаў ісьці ў Македоню.
2 Прайшоўшы ж гэныя мясьціны і многімі словамі навучыўшы іх прыйшоў у Грэцыю.
3 Прабыў (ён там) тры месяцы. І жыды ўчынілі супраць яго змову. Ён, жадаючы адправіцца ў Сірыю, надумаў вярнуцца праз Македоню.
4 Суправаджаў жа яго аж да Азіі Сапатр бярыец, (із) тэссалонцаў Арыстарх і Сэкунд; і Гай дэрбянін і Цімахвей; азійцы ж Тыхік і Трахім.
5 Гэтыя, апярэдзіўшы, чакалі нас у Троадзе.
6 Мы ж адплылí пасьля дзён праснакоў із Піліппаў і прыбылí да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылí сем дзён.
7 У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабра́ліся на ламаньне хлеба, Паўла гутарыў зь імі. Манючыся назаўтрае адправіцца, (ён) доўжыў слова да паўночы.
8 А ў верхнім пакоі, дзе (яны) былі сабраны, было дастаткова сьветачаў.
9 І нейкі юнак імем Яўціх седзячы на вакне моцна заснуў, як Паўла прамаўляў доўга, змораны сном, зваліўся з трэйцяга паверху ўніз, і быў падняты мёртвым.
10 Паўла, сыйшоўшы (уніз), прыпаў да яго і абняўшы сказаў: ня хвалюйцеся, бо душа́ ягоная ў ім.
11 І падняўшыся (наверх) ды разламаўшы хлеб і паеўшы, гутарыў даволі (доўга) ажно да сьвітаньня (і) такім чынам пайшоў.
12 А дзяцюка прывялі жывога і ўцешыліся нямала.
13 Мы ж, прыйшоўшы на карабель, адплылí ў Асс, адкуль меліся ўзяць Паўлу, бо гэтак было загадана (Паўлам), які меўся сам ісьці пехатой.
14 Калі ж ён сустрэў нас у Асьсе, (то) узяўшы яго (мы) прыплылі ў Мітылену.
15 А адплыўшы стуль на наступны (дзень) даплылі да Хіосу, а на другі (дзень) прыплылі да Самосу і пабыўшы ў Трагільлі на наступны дзень прыбылі ў Мілет;
16 бо Паўла надумаў плысьцí міма Эхвесу, каб яму ня траціць часу ў Азіі, бо сьпяшаўся калі магчыма было яму дзень Пяцідзясятніцы прабыць у Ярузаліме.
17 Зь Мілету ж паслаўшы ў Эхвес паклікаў (да сябе) ста́ршых царквы,
18 калі ж (яны) прыбылі да яго, сказаў ім: вы ведаеце, як (я) ад першага дня (майго) прыходу ў Азію, што я ўвесь час быў з вамі,
19 служачы Госпаду з усёй пакораю і многімі сьлязьмі і спакушэньнямі, што прыйшлі на мяне ад подступаў жыдоў,
20 як (я) нічога ня прапусьціў карыснага, чаго ня апавясьціў бы вам і ня навучыў бы вас усенародна й па дамох,
21 сьведчучы жыдам і грэкам аб пакаяньні перад Богам і веры ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
22 І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ярузалім ня ведаючы, што ў ім сустрэне мяне.
23 Але (ведаю), што Дух Сьвяты ў кожным месту сьведчыць кажучы, што прадстаяць мне путы і мукі.
24 Але я ніколькі ня палохаюся і ня даражу жыцьцём маім, толькі б з радасьцю закончыць шлях мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса: сьведчыць пра Эвангельле Багадаці Бога.
25 І цяпер вось я ведаю, што ўжо ня ўбачыце аблічча майго вы ўсе, сярод каторых (я) хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Бога.
26 Пагэтаму (я) сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што чысты я ад крыві ўсіх,
27 бо (я) ня ўхіліўся абвяшчаць вам усю Волю Бога.
28 Дык рупцеся пра самых сябе і пра ўсё стада, у якім Дух Сьвяты паставіў вас япіскапамі, каб пасьвіць Царкву Бога, якую (Ён) прыдбаў уласнаю Крывёй Сваёй.
29 Бо я ведаю тое, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня шкадуюць стада,
30 дый із вас самых паўстануць мужчыны, якія перакручваюць (праўду), каб зьвесьці вучняў за сабою.
31 Дык будзьце настарожы, па́мятаючы, што (я) тры гады ўдзень і ўначы ня пераставаў са сьлязьмі навучаць кожнага (із вас).
32 І цяпер (я) аддаю вас, браты, Богу і Слову Багадаці Ягонай, якое можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі сьвятымі.
33 Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі (я) ні ад кога ня пажадаў:
34 самі ж (вы) ведаеце, што патрэбам маім і тых, што былі са мною, паслужылі рукі гэтыя.
35 Ува ўсім паказаў (я) вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых ды памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: шчасьлíвей даваць, чым браць.
36 І сказаўшы гэтае (ды) сукланіўшы калені свае, памаліўся з усімі імі.
37 Тады ўзьняўся вялікі плач усіх, і ўпаўшы на шыю Паўлы цалавалі яго,
38 сумуючы найбольш дзеля слова, якое (ён) сказаў, што ўжо больш ня ўбачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
Деяния 20 глава в переводах