Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Деяния 20 глава
Павел адпраўляецца ў Македонію і Грэцыю1 Калі сунялося хваляванне, Павел склікаў вучняў і, падбадзёрыўшы іх, развітаўся з імі ды адправіўся ў Македонію.
2 Прайшоўшы праз гэтыя мясціны і заахвоціўшы многімі словамі, прыйшоў у Грэцыю.
3 Прабыў ён там тры месяцы. Калі захацеў адплысці ў Сірыю, юдэі ўчынілі супраць яго змову, таму ён вырашыў вяртацца праз Македонію.
4 Яго суправаджалі Сапатэр, сын Піра, з Бэрэі, Арыстарх і Сэкунд з тэсаланікійцаў, а таксама Гай з Дэрбэ і Цімафей, Тыхік і Трафім з Азіі.
5 Яны пайшлі наперад і чакалі нас у Траадзе.
6 А мы адплылі з Філіпаў пасля свята Праснакоў і праз пяць дзён прыбылі адтуль у Трааду, дзе правялі сем дзён.
У Траадзе. Уваскрашэнне Эўтыха7 У першы дзень пасля шабату, калі мы сабраліся на ламанне хлеба, Павел прамовіў да іх, бо збіраўся зранку адысці, і зацягнуў сваю прамову да поўначы.
8 У святліцы, дзе мы сабраліся, было шмат свяцільнікаў.
9 Адзін юнак, па імені Эўтых, які сядзеў на акне, глыбока заснуў, калі Павел доўга гаварыў. Урэшце, змораны сном, ён зваліўся з трэцяга паверху, і яго паднялі мёртвым.
10 Павел, спусціўшыся, прытуліў яго і сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім!»
11 Затым падняўшыся, ён ламаў хлеб і спажываў, і яшчэ доўга прамаўляў да самай раніцы, а пасля адышоў.
12 А юнака павялі жывым і на радасць многім.
З Траады ў Мілет13 Мы ж селі раней на карабель і паплылі ў Асас, каб забраць адтуль Паўла, бо ён так загадаў, пажадаўшы ісці пехатою.
14 Калі ж ён сустрэўся з намі ў Асасе, мы забралі яго і прыбылі ў Мітылену.
15 Адплыўшы адтуль, мы назаўтра прысталі насупраць Хіёса, на другі дзень накіраваліся ў Самас, а на наступны — прыбылі ў Мілет,
16 бо Павел вырашыў абмінуць Эфес, каб не марнаваць час у Азіі. Ён спяшаўся, каб па магчымасці прыбыць у Ерузалем на дзень Пяцідзясятніцы.
Развітанне з эфесцамі17 Паслаўшы з Мілета ў Эфес, Павел паклікаў старэйшын Касцёла.
18 А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, што з першага дня майго прыходу ў Азію, я ўвесь час быў з вамі.
19 Служыў Пану з усёй пакораю і ў слязах ды сярод выпрабаванняў, якія сустрэлі мяне з-за подступаў юдэйскіх.
20 Я не мінаў нічога карыснага, пра што б ні абвяшчаў і чаму б ні вучыў вас публічна і па дамах,
21 даючы сведчанне юдэям і грэкам пра навяртанне да Бога і пра веру ў Пана нашага Езуса.
22 Цяпер, прымушаны Духам, я іду ў Ерузалем, не ведаючы, што мяне там сустрэне,
23 апроч таго, што Дух Святы ў кожным горадзе сведчыць, кажучы, што чакаюць мяне кайданы і ўціск.
24 Але маё жыццё для мяне не вартае нічога. Толькі б скончыў бег свой і служэнне, якое прыняў ад Пана Езуса, каб даць сведчанне пра Евангелле Божай ласкі.
25 Цяпер я ведаю, што вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, кажучы пра Валадарства, больш не ўбачыце мяне.
26 Таму сёння сведчу вам, што я чысты ад крыві ўсіх,
27 бо не ўхіляўся я ад абвяшчэння вам усёй Божай волі.
28 Зважайце на сябе і на ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю.
29 Ведаю, што пасля майго адыходу ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка.
30 І з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць падступна, каб пацягнуць за сабою вучняў.
31 Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў вучыць кожнага з вас са слязьмі.
32 А сёння даручаю вас Богу і слову Ягонай ласкі, якое можа вас умацаваць і даць спадчыну між усіх асвячаных.
33 Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі я ні ад кога не пажадаў.
34 Самі ведаеце, што гэтыя рукі служылі патрэбам маім і тых, хто быў са мною.
35 Ва ўсім я паказаў вам, што, так працуючы, трэба дапамагаць слабым, памятаючы словы Пана Езуса, якія Ён сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!”».
36 Сказаўшы гэта, ён укленчыў і маліўся разам з імі ўсімі.
37 Тады ўсе ўзнялі вялікі плач, кідаліся Паўлу на шыю і цалавалі яго.
38 Найбольш смуткавалі з-за слова, якое ён сказаў, што ўжо не ўбачаць яго. І праводзілі яго да карабля.
Деяния 20 глава в переводах