Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Притчи 25 глава

1 Гэта таксама прыслоўі Саламона, якія перапісалі людзі Эзэкіі — цара Юдэі.
2 Слава Божая — таіць слова, а слава цароў — даследаваць размову.
3 Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні — так сэрца цароў невызнана.
4 Аддзялі шлакі ад срэбра, і выйдзе ў срэбраніка посуд.
5 Выведзі ад вачэй цара бязбожніка — і справядлівасць умацуе пасад яго.
6 Не паказвайся фанабэрыстым перад царом і не стой на месцы вялікіх.
7 Лепш, калі табе скажуць: «Узніміся сюды», чым каб зняважылі цябе перад кіраўніком.
8 Што вочы твае бачылі, не адкрывай гэта хутка ў судзе, бо што зробіш потым, калі абняславіць цябе сябар твой?
9 Справу сваю вырашай з сябрам тваім і не выяўляй сакрэт чужога чалавека,
10 каб ён часам не пакпіў з цябе, калі пачуе, і ганьба твая не зможа быць адклікана.
11 Залатыя яблыкі на срэбраным посудзе — слова, сказанае ў свой час.
12 Залаты пярсцёнак з лепшага золата — мудры, які гаворыць на вуха таму, хто слухае.
13 Як холад снегу ў дзень жніва, так пасланец верны таму, хто паслаў яго; ён ацверажае яго душу.
14 Хмары і вецер без дажджу — гэтак вядомы чалавек фанабэрысты і які не выконвае абяцанняў.
15 Цярплівасць кіраўніка зробіць падатлівым, а мяккі язык зломіць косці.
16 Ты знайшоў мёд? З’еш, колькі табе трэба, каб часам, наеўшыся, не вырыгнуць яго.
17 Утрымай нагу тваю ад дому блізкага твайго, каб, усім задаволены, ён не ўзненавідзеў цябе.
18 Молат, і меч, і вострая страла — гэта чалавек, які гаворыць ілжывае сведчанне супраць блізкага свайго.
19 Гнілы зуб і хісткая нага — гэта той, хто ў дзень бяды спадзяецца на ненадзейнага.
20 Як плашч здымаць у халодны дзень, як выліваць воцат у соду — так спяваць песні сумнаму сэрцу.
21 Калі непрыяцель твой галодны, накармі яго; калі смагне — напаі яго:
22 бо вуголле пякучае збярэш ты на галаву яго, а Госпад адплаціць табе.
23 Паўночны вецер спараджае дажджы, а язык, што паклёпнічае, — сумны твар.
24 Лепш сядзець у кутку на гарышчы, чым з жонкай сварлівай у агульным доме.
25 Як халодная вада для душы, што смагне, так добры вястун — з далёкай краіны.
26 Крыніца, патурбаваная нагою, і ручай сапсаваны — гэта справядлівы, што падае перад бязбожнікам.
27 Нядобра есці занадта мёду, і здабыццё славы не ёсць слава.
28 Горад разбураны і без муроў — гэта чалавек, які не можа валодаць духам сваім.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.