Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Притчи 25 глава

1 І гэта выслоўі Саламона, сабраныя мужамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.
2 Слава Божая — пакрываць таямніцаю справу, а славай цароў — дасьледаваць справу.
3 Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні, так сэрца цароў — недасьледвальнае.
4 Аддзялі дамешку ад срэбра, і выйдзе ў срэбніка посуд:
5 адвядзі няправеднага ад цара, і трон ягоны ўмацуецца праўдай.
6 Ганарліва не выстаўляйся перад абліччам цара і на месца вялікіх не станавіся;
7 бо лепей хай скажуць табе: «узыдзі сюды вышэй», чым калі прынізяць цябе перад знакамітым, якога ўбачылі вочы твае.
8 Ня ўступай пасьпешліва ў цяжбіну: бо што будзеш рабіць у канцы, калі супернік твой сарамаціць цябе?
9 Вядзі цяжбіну зь блізкім тваім, але таямніцы ягонае не адкрывай,
10 каб не папракнуў цябе той, хто чуў гэта, бо тады ганьба твая ад цябе не адстане.
11 Залатыя яблыкі ў срэбным празрыстым посудзе — слова, сказанае прыстойна.
12 Залатая завушніца і аздоба з чыстага золата — гэта мудры абскаржнік для ўважлівага вуха.
13 Што прахалода ад сьнегу ў жніва, тое верны пасол таму, хто яго пасылае: ён прыносіць душы гаспадара свайго радасьць.
14 Што хмары і вятры без дажджу, тое чалавек, які абяцае гасьцінцы і іх не дае.
15 Цярплівасьць схіляе да літасьці вяльможу, і мяккі язык ломіць костку.
16 Знайшоў ты мёд? еж, колькі трэба табе, каб не аб’есьціся ім і ня выбляваць яго.
17 Не ўчашчай у дом сябра твайго, каб ты не абрыд яму, каб ён не зьненавідзеў цябе.
18 Што молат і меч і вострая страла, тое чалавек, які сьведчыць ілжыва супроць блізкага свайго.
19 Што гнілы зуб і паралізаваная нага, тое надзея на ненадзейнага чалавека ў нягодзе.
20 Як той, хто здымае зь сябе вопратку ў халодны дзень, і як воцат на рану, так і той, хто сьпявае песьні тужліваму сэрцу.
21 Калі вораг твой галодны, накармі яго хлебам; і калі ён сьмягне, напаі яго вадою:
22 бо, робячы гэта, ты зьбіраеш распаленае вугольле на галаву ягоную, і Гасподзь аддзячыць табе.
23 Паўночны вецер нясе дождж, а патаемная гаворка — незадаволеныя твары.
24 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
25 Што халодная вада натомленай смагай душы, тое добрая вестка з далёкай краіны.
26 Што ўскаламучаная крыніца і парушаная крыніца, тое праведнік, які падае перад бязбожнікам.
27 Як нядобра есьці многа мёду, так дамагацца славы ня ёсьць слава.
28 Што горад разбураны, без мура, тое чалавек, які не валодае духам сваім.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.