Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Екклесиаст 7 глава
1 Лепш добрае імя, чым пахкія алейкі, і дзень смерці [лепшы] за дзень нараджэння.
2 Лепш ісці ў дом жалобы, чым у дом банкету; бо ў гэтым канец кожнага чалавека і жывы збярэ гэта ў сэрцы.
3 Лепшы смутак за смех, бо праз засмучанасць твару выпраўляецца душа.
4 Сэрца мудрых — у доме жалобы, а сэрца неразумных — у доме весялосці.
5 Лепш цярпець нападкі мудрага, чым радавацца спевам неразумнага,
6 бо як трэскат гаручых церняў пад катлом, так і смех неразумнага. Але і гэта марнасць.
7 Бо паклёп робіць разумнага дурным, а падарунак адурняе сэрца.
8 Лепшы канец справы, чым [яе] пачатак, лепшы цярплівы за самаўпэўненага.
9 Не будзь скоры ў душы да гневу, бо гнеў спачывае ў душы неразумнага.
10 Не кажы: «Якая, ты думаеш, прычына таго, што ранейшыя часы былі лепшымі, чым цяпер?» Бо не з мудрасці ты пытаешся пра гэта.
11 Добрая мудрасць разам з багаццямі і карысная тым, якія бачаць сонца.
12 Бо як дапамагае мудрасць, так дапамагаюць грошы; але адукаванасць мае тую перавагу, што мудрасць дае жыццё свайму ўладальніку.
13 Прыгледзься да спраў Божых: бо ніхто не змог бы выпрастаць тое, што крывым Ён зрабіў.
14 У добры дзень пацяшайся з дабра, а ў дзень ліхі падумай: як тое, так і гэтае стварыў Бог, каб чалавек не даведаўся нічога пра будучыню.
15 Усё я бачыў у дні марнасці маёй: ёсць справядлівы, які гіне ў справядлівасці сваёй, ёсць і бязбожнік, які доўгі час жыве ў нягоднасці сваёй.
16 Не будзь занадта справядлівым і мудрым звыш меры! Нашто ты хочаш пагубіць сябе?
17 Не чыні занадта бязбожна і не будзь неразумным! Нашто табе паміраць не ў свой час?
18 Добра, каб ты трымаў тое, што маеш, але добра, каб і ад іншага не адводзіў рукі тваёй, бо хто шануе Бога, таго і другога пазбегне.
19 Мудрасць робіць мудрага дужэйшым за дзесяць князёў горада.
20 Бо няма на зямлі чалавека справядлівага, які чыніў бы дабро і не грашыў.
21 Але і да ўсіх слоў, што гавораць, не прыкладай сэрца свайго, каб не пачуў часам, як твой слуга абгаворвае цябе;
22 бо сумленне тваё ведае, што і ты часта абгаворваў другіх.
23 Усё гэта я спазнаў праз мудрасць, сказаў: «Зраблюся мудрым».
24 А яна далей адступілася ад мяне. Далёка тое, што было, і глыбокая бездань. Хто даследуе яе?
25 Разгледзеў я ўсё душой маёй, каб пазнаць, разгледзець і адшукаць мудрасць і розум і пераканацца, што бязбожнасць — гэта неразумнасць, а аблуда — безразважнасць.
26 І выявіў я, што гарчэйшая за смерць жанчына, яна — пастка паляўнічых, і сіло — сэрца яе, путы — рукі яе. Той, хто падабаецца Богу, пазбегне яе; той жа, хто грэшнік, будзе зняволены ёю.
27 «Вось што я высветліў, — сказаў Эклезіяст, — адно за другім, каб здабыць праўду,
28 якую дагэтуль шукае душа мая, і я не знайшоў: адшукаў я аднаго чалавека з тысячы, а жанчыны сярод усіх ні адной не знайшоў.
29 Вось толькі што знайшоў я: што Бог стварыў чалавека праўдзівым, а людзі кінуліся ў бясконцыя росшукі».
Екклесиаст 7 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча