Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 47 глава

1 І завёў ён мяне назад да брамы дома, і вось, выцякала вада з-пад парога дома на ўсход, бо пярэдні бок дома быў накіраваны на ўсход, а вада выцякала з-пад правага боку храма на поўдзень ад ахвярніка.
2 І вывеў ён мяне праз паўночную браму, і на двор павёў мяне, да знешняй брамы, накіраванай на ўсход; і вось, вада выцякала з-пад правага боку.
3 Калі пайшоў чалавек у напрамку ўсходнім, ён меў у сваёй руцэ вымяральны прут, адмераў ім тысячу локцяў і правёў мяне праз ваду, і вада даставала аж да шчыкалатак.
4 І зноў адмераў тысячу локцяў і правёў мяне праз ваду, і вада даставала аж да каленяў. І адмераў ён тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, якая даставала аж да клубоў.
5 І адмераў ён яшчэ тысячу локцяў; быў там струмень, праз які не змог я перайсці, бо вада была заглыбокая, была гэта вада да плавання; рака, праз якую нельга было перайсці.
6 І сказаў ён мне: «Ці ўбачыў ты гэта, сын чалавечы?» — і павёў мяне, і накіраваў да берага ракі.
7 І калі я павярнуўся, вось, з абодвух бакоў на беразе ракі было вельмі многа дрэў;
8 і ён сказаў мне: «Вада гэта, якая цячэ на абшар усходні і сыходзіць да зямлі Арабы, упадае ў мора, у салёныя воды, і воды тыя становяцца здаровымі;
9 і ўсе істоты жывыя, якія варушацца, куды толькі рака прыходзіць, будуць жыць, і будзе даволі многа рыбы, бо пасля таго, як дацякуць туды тыя воды, і будзе аздароўлена, і будзе жыць усё, да чаго дацячэ рака.
10 І будуць над імі стаяць рыбакі, пачынаючы ад Эн-Гадзі аж да Эн-Галіма, будзе гэта месца на прасушванне сетак; будуць там шматлікія віды рыбы, роўныя рыбам з Вялікага мора, у незлічонай колькасці.
11 Але балоты яго і затокі не будуць аздароўлены, бо яны будуць аддадзены на саляныя капальні.
12 І па берагах ракі з абодвух бакоў маюць расці ўсякага роду дрэвы пладовыя; лісце іх не ападзе, і плады іх не звянуць: кожны месяц будуць яны радзіць новыя плады, бо іх вада выходзіць са свяцілішча, і іх плады будуць на ежу, і лісце іх — на лекі».
13 Вось што кажа Госпад Бог: «Гэта мяжа, у якой будзеце валодаць зямлёю паміж дванаццаццю пакаленнямі Ізраэля, бо Язэп мае двайную частку,
14 а вы будзеце валодаць ёю кожны па роўнай частцы, як яго браты; над ёю падняў Я руку Маю, каб даць вашым бацькам; ды зямля гэтая будзе вам як спадчына.
15 А гэта мяжа зямлі: на поўнач ад Вялікага мора ў напрамку Гэталона аж да ўваходу ў Эмат,
16 Сэдаду, Бэрот, Сабарым, што знаходзяцца між межамі Дамаска і мяжой Эмата аж да Асарэнона, што знаходзіцца ля мяжы Аўрана.
17 Дык будзе мяжа ад мора аж да Асарэнона, калі абшары каля Дамаска і абшары каля Эмата застаюцца на поўначы; гэта частка паўночная.
18 Вось мяжа ўсходняя: ідзе яна з месца паміж Аўранам і Дамаскам, і між Галаадам і зямлёй Ізраэля, Ярдан мае быць мяжой аж да мора Усходняга, каля Тамара; гэта мяжа ўсходняя.
19 А мяжа паўднёвая — паўднёвыя землі ад Тамара аж да водаў Мэрыбы каля Кадэса і ўздоўж ракі аж да Вялікага мора; гэта частка паўднёвая ў бок поўдня.
20 І мяжа марская: Вялікае мора ўтварае мяжу аж да таго месца, дзе насупраць знаходзіцца Эмат; гэта мяжа марская.
21 І зямлю гэтую падзеліце між сабой на пакаленні Ізраэля.
22 І падзеліце яе на спадчыну для вас і для чужынцаў, якія прыйшлі да вас і якія нарадзілі сыноў сярод вас; і будуць яны вам за народжаных сярод сыноў Ізраэля: разам з вамі сярод пакаленняў Ізраэля будуць дзяліць спадчыну;
23 а ў тым пакаленні, у якім будзе жыць чужынец, там дасцё яму спадчыну», — кажа Госпад Бог.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.