Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
От Луки 10 глава
1 Пасля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят і паслаў іх перад абліччам Сваім па двое ў кожны горад і месца, куды Сам меўся пайсці.
2 І казаў ім: «Сапраўды жніво вялікае, працаўнікоў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво Сваё.
3 Ідзіце; вось, Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.
4 Не насіце з сабою ані капшука, ані торбы, ані пасталоў ды нікога ў дарозе не вітайце.
5 У які дом увойдзеце, перш скажыце: “Супакой гэтаму дому”.
6 І, калі будзе там сын супакою, застанецца на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас.
7 У тым жа доме заставайцеся, ешце і піце, што ёсць у ім: бо працаўнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
8 І ў які горад увойдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць,
9 і аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
10 А калі ў які горад увойдзеце і не прымуць вас, выходзячы на вуліцы іх, кажыце:
11 “Нават і пыл, што прыліп нам да ног з вашага горада, абтрасаем мы на вас; а ўсё ж такі ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
12 Кажу вам, што лягчэй будзе Садому ў той дзень, чым гораду таму.
13 Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсайда! Бо калі б у Тыры і Сідоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны б ужо даўно, у зрэбніцы і попеле седзячы, пакаяліся.
14 Аднак лягчэй будзе Тыру і Сідону на судзе, чым вам.
15 І ты, Кафарнаўм, хіба ты аж да неба ўзнёсся? Дык у пекла будзеш укінуты!
16 Хто вас слухае, Мяне слухае; і хто вамі пагарджае, Мною пагарджае; а хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, Хто Мяне паслаў».
17 Затым з радасцю вярнуліся семдзесят, кажучы: «Госпадзе, нават дэманы паддаюцца нам у імя Тваё!»
18 І гаворыць ім: «Я бачыў шатана, што падаў з неба, як маланка.
19 Вось жа, Я даў вам уладу таптаць змеяў і скарпіёнаў ды ўсю варожую сілу; і нішто вам не будзе шкодзіць.
20 Аднак не з таго весяліцеся, што духі вам паддаюцца, але з таго радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах».
21 У той час узрадаваўся Ісус у Духу і сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпад неба і зямлі, што закрыў гэта перад мудрымі і прадбачлівымі і адкрыў гэта малым; так, Ойча, бо так спадабалася Табе.
22 Усё дадзена Мне Айцом Маім; і ніхто не ведае, Хто ёсць Сын, толькі Айцец, і Хто ёсць Айцец, толькі Сын ды каму Сын хацеў бы адкрыць».
23 І, звярнуўшыся да вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасныя вочы, якія бачаць, што вы бачыце.
24 Бо кажу вам: многія прарокі і цары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі».
25 І вось, адзін заканазнаўца ўстаў, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Настаўнік, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
26 А Ісус сказаў яму: «Што напісана ў законе? Як чытаеш?»
27 Той, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцай тваёй, і ўсім розумам тваім, і блізкага твайго, як сябе самога».
28 Ісус сказаў яму: «Добра ты адказаў; рабі гэтак — і будзеш жыць».
29 Той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой блізкі?»
30 Працягваючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія раздзеўшы яго і пабіўшы, адышлі, пакінуўшы ледзь жывога.
31 Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі святар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.
32 Таксама і левіт, калі быў недалёка ад таго месца і бачыў яго, прамінуў яго.
33 А самарыцянін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, праявіў міласэрнасць,
34 ды, падышоўшы, абвязаў раны яго, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы на сваю жывёліну, завёз у заезд, і даглядаў яго.
35 А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду і гаворыць яму: “Апякуйся над ім, а калі больш выдасі, я, як вярнуся, дадам табе”.
36 Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў блізкім таму, хто трапіў да разбойнікаў?»
37 Ён сказаў: «Той, хто аказаў яму міласэрнасць». І сказаў яму Ісус: «Ідзі і ты рабі падобна».
38 Калі ж яны ішлі, Ён зайшоў у адно сяленне, і адна жанчына на імя Марта прыняла Яго.
39 І была ў яе сястра на імя Марыя, якая нават села ля ног Ісуса і слухала Яго слова.
40 Марта ж завіхалася старанна ў многіх паслугах, потым спынілася і гаворыць: «Госпадзе, хіба няма Табе справы, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла».
41 І, адказваючы, сказаў ёй Ісус: «Марта, Марта, пра многае ты рупішся і клапоцішся,
42 а адно толькі патрэбна; Марыя выбрала найлепшую долю, якая не будзе аднята ў яе».
От Луки 10 глава в переводах