Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Деяния 8 глава

1 А Саўл згаджаўся з забойствам яго. З таго дня пачалося вялікае пераследаванне супраць царквы, якая была ў Ерузаліме; і ўсе, за выключэннем Апосталаў, рассеяліся па землях Юдэі і Самарыі.
2 А богабаязныя людзі пахавалі Сцяпана і зрабілі вялікае галашэнне па ім.
3 Саўл жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы, і, хапаючы мужчын і жанчын, аддаваў іх у вязніцу.
4 А тыя, што рассеяліся, хадзілі, абвяшчаючы слова.
5 Піліп жа, прыбыўшы ў горад самарыйскі, прапаведаваў ім Хрыста.
6 І людзі аднадушна прымалі, што казаў Піліп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён учыняў:
7 бо з многіх, што былі апанаваны нячыстымі духамі, яны выходзілі, лямантуючы моцным голасам; і шмат спаралізаваных і кульгавых было аздароўлена.
8 І сталася вялікая радасць у тым горадзе.
9 А ў горадзе быў адзін чалавек, на імя Сімон, які раней займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, кажучы, што ён нехта вялікі;
10 прыслухоўваліся да яго ўсе ад найменшага да найбольшага, кажучы: «Ён — моц Божая вялікая».
11 І лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.
12 Але калі ўверылі Піліпу, які абвяшчаў добрую вестку пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, дык мужчыны і жанчыны прымалі хрост.
13 Тады і Сімон сам уверыў і па атрыманні хросту далучыўся да Піліпа; і дзівіўся ён надта, бачачы, якія знакі і вялікія цуды ўчыняюцца.
14 Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пётру і Яна,
15 і калі яны прыбылі, то маліліся за іх, каб атрымалі Духа Святога;
16 бо не сыходзіў Ён яшчэ на ніводнага з іх, але былі яны толькі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
17 Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымоўвалі Духа Святога.
18 Калі Сімон убачыў, што Апосталамі праз ускладанне рук даецца Дух Святы, прынёс ім грошы,
19 кажучы: «Дайце і мне гэтую ўладу, каб, калі ўскладу на каго рукі, атрымаў ён Духа Святога».
20 Пётра ж сказаў яму: «Хай срэбра тваё ідзе на пагібель разам з табой, бо ты меркаваў за грошы набыць дар Божы!
21 Не маеш ты ані часткі, ані долі ў гэтым слове, бо сэрца тваё няшчырае перад Богам.
22 Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасць і малі Бога, можа, Ён даруе табе гэты намер сэрца твайго,
23 бо бачу цябе ў горычы жоўці ды ў путах няправасці».
24 І, адказваючы, Сімон сказаў: «Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога з таго, што вы казалі».
25 І яны, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Божае, вярталіся ў Ерузалім і дабравесцілі ў многіх вёсках самарыцянскіх.
26 І анёл Госпадаў сказаў Піліпу, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень па дарозе, што ідзе з Ерузаліма ў Газу; яна пустая».
27 І, падняўшыся, ён пайшоў; і вось, муж этыёпскі, еўнух, урадовец Кандацыі, царыцы этыёпскай, загадчык усіх яе скарбаў, прыбыў у Ерузалім пакланіцца
28 і вяртаўся, седзячы ў сваім возе, і чытаў прарока Ісаю.
29 Тады Дух кажа Піліпу: «Падыдзі і далучыся да гэтага воза».
30 Калі Піліп падбег, пачуў, як той чытаў прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш, што чытаеш?»
31 Той гаворыць: «Як магу разумець, калі ніхто мне не адкрыў?» І запрасіў Піліпа ўзлезці і сесці побач.
32 А месца Пісання, што ён чытаў, было гэткае: «Як авечка на зарэз вядзецца, ды як ягня безгалосае перад стрыгалямі, — так не адкрыў Ён вуснаў Сваіх.
33 На прыніжэнні і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго».
34 І, звяртаючыся да Піліпа, еўнух сказаў: «Прашу цябе, пра каго гэта кажа прарок? Пра сябе, ці пра каго іншага?»
35 Тады Піліп, адкрыўшы свае вусны, пачынаючы ад Пісання гэтага, апавядаў яму добрую вестку пра Ісуса.
36 І калі ехалі па дарозе, пад’ехалі да нейкай вады, і гаворыць еўнух: «Вось вада, што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»
37 Піліп жа адказаў яму: «Калі верыш усім сэрцам, можна». А ён, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсць Сын Божы».
38 І казаў затрымацца, і яны абодва, Піліп і еўнух, увайшлі ў ваду, і ахрысціў яго.
39 А калі выйшлі з вады, Дух Госпадаў схапіў Піліпа, і еўнух не бачыў яго ўжо больш, але паехаў у сваю дарогу радасны.
40 А Піліп апынуўся ў Азоце і, праходзячы праз усе гарады, абвяшчаў Евангелле аж да Цэзарэі.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.