Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Петра 1 глава

1 Сімон Пётра, паслугач і Апостал Ісуса Хрыста, тым, што ў справядлівасці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста атрымалі з намі аднолькава дарагую веру:
2 ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнанне Бога і Ісуса, Госпада нашага.
3 Паколькі ўсё нам — ад Боскае магутнасці Яго, падараванай для жыцця і пабожнасці праз пазнанне Таго, Хто паклікаў нас Сваёю славай і дабрадзейнасцю,
4 праз якія падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцанні, каб праз іх сталіся вы ўдзельнікамі Божае прыроды, усцярогшыся псавання ад пажадлівасці, якая ў свеце,
5 то менавіта дзеля гэтага старайцеся з усіх сіл, каб у сваёй веры паказаць дабрадзейнасць сваю, а ў дабрадзейнасці веданне,
6 а ў веданні паўстрыманасць, а ў паўстрыманасці цярплівасць, а ў цярплівасці пабожнасць,
7 а ў пабожнасці браталюбства, а ў браталюбстве любоў.
8 Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, то яно не пакіне вас пустымі і бясплоднымі ў пазнанні Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9 А ў каго гэтага няма, той сляпы і блізарукі, які забыўся аб ачышчэнні ад ранейшых сваіх грахоў.
10 Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканне і выбранне. Гэтак бо робячы, ніколі не спатыкнецеся.
11 Бо гэтак яшчэ шырэй адчыніцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
12 Таму я буду вам заўсёды прыгадваць гэта, хоць вы ведаеце і ўмацаваны ў цяперашняй праўдзе.
13 Я лічу за справядлівасць, пакуль знаходжуся ў гэтай цялеснай палатцы, падбадзёрыць вас напамінам,
14 бо ведаю, што хутка пакіну гэтую палатку маю, як Госпад наш Ісус Хрыстос вызначыў мне.
15 Буду прыкладаць намаганні, каб вы заўсёды і па маім адыходзе пра гэта ўспаміналі.
16 Бо мы вясцілі вам магутнасць і прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не ідучы следам за прыдуманымі казкамі, але як сведкі, што бачылі Яго веліч.
17 Бо атрымаў Ён ад Бога Айца гонар і славу, калі вось такім чынам прагучаў да Яго голас ад велічнай славы: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім Я маю ўпадабанне».
18 І мы чулі, як гэты голас зыходзіў з неба, калі мы з Ім разам былі на святой гары.
19 Прытым мы маем найпэўнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго, як светача, які свеціць у цёмным месцы аж пакуль развіднее, і зорка ранняя ўзыдзе ў сэрцах вашых.
20 Гэта перш за ўсе майце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісання нельга вытлумачыць самавольна.
21 Бо не паводле волі чалавечай было калісьці абвешчана прароцтва, але прамовілі яго святыя людзі Божыя, кіраваныя Духам Святым.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.