Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
2 Петра 1 глава
1 Сімяон Пётр, раб і Апостал Ісуса Хрыста, — тым, што атрымалі ў долю з намі роўнакаштоўную веру ў праведнасці нашага Бога і Збаўцы Ісуса Хрыста:
2 — Ласка вам і мір няхай памножыцца ў пазнанні Бога і Ісуса, нашага Госпада.
3 Бо Яго Боская сіла падаравала нам усё для жыцця і набожнасці праз пазнанне Таго, Хто заклікаў нас уласнаю славай і дасканаласцю,
4 праз якія Ён дараваў нам каштоўныя і найвялікшыя абяцанні, каб праз іх вы зрабіліся саўдзельнікамі Боскай прыроды, пазбегнуўшы распаду ад пажадлівасці ў свеце.
5 Таму і вы, прыклаўшы ўсё старанне, праявіце ў вашай веры добрачыннасць, у добрачыннасці ж — веды,
6 у ведах жа — устрыманне, ва ўстрыманні ж — вытрываласць, у вытрываласці ж — набожнасць,
7 у набожнасці ж — браталюбства, у браталюбстве ж — любоў.
8 Бо гэта, калі яно ў вас ёсць і памнажаецца, робіць вас не бяздзейнымі і не бясплённымі ў пазнанні нашага Госпада Ісуса Хрыста;
9 бо ў каго гэтага няма, той сляпы, блізарукі, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх ранейшых грахоў.
10 Таму, браты, тым больш пастарайцеся рабіць трывалым ваша пакліканне і выбранне, бо робячы гэта, вы ніколі не спаткняцеся.
11 Бо так шчодра адкрыецца вам уваход у вечнае Царства нашага Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста.
12 Таму я буду гатовы заўсёды напамінаць вам пра гэта, хоць вы гэта і ведаеце і ўмацаваны ў цяперашняй праўдзе.
13 Але я лічу справядлівым, пакуль я ў гэтым шатры, абуджаць вас напамінкам,
14 ведаючы, што хутка пакіну мой шацёр, як і наш Госпад Ісус Хрыстос аб’явіў мне,
15 буду ж старацца, каб вы маглі і пасля майго адыходу кожны раз успамінаць пра гэта.
16 Бо мы абвесцілі вам пра сілу і прышэсце нашага Госпада Ісуса Хрыста, не ідучы услед хітрасплеценым байкам, а стаўшы відавочцамі Яго велічы.
17 Бо Ён прыняў ад Бога Бацькі гонар і славу, калі данёсся да Яго ад Велічнай Славы такі голас: «Гэта Мой Сын, Мой Улюбёны, Якога Я ўпадабаў!»
18 І гэты голас, што данёсся з неба, мы пачулі, калі былі з Ім на святой гары.
19 І мы маем мацнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго як светача, што ззяе ў цёмным месцы, пакуль не пачне днець і не ўзыдзе заранка ў вашых сэрцах,
20 ведаючы перш за ўсё тое, што ніводнае прароцтва ў Пісанні не бывае ад чыйго-небудзь уласнага вытлумачэння;
21 бо ніколі прароцтва не было выказана з волі чалавека, але [святыя] людзі, кіраваныя Святым Духам, казалі яго ад Бога.
2 Петра 1 глава в переводах