Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
От Луки 20 глава
1 У адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у царкве́ і прапаве́даваў Эвангельле, прыйшлі архірэі ды кніжнікі з старэйшынамі
2 і гаварылі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе́ ўладу гэтую?
3 Ён жа сказаў ім у адказ: спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажэце Мне:
4 Хрышчэньне Іоа́нава з не́ба было, ці ад людзе́й?
5 Яны-ж разважалі між сабою, кажучы: калі скажам: з не́ба, то скажа: чаму-ж вы не паве́рылі яму?
6 а калі скажам: ад людзе́й, то ўве́сь народ паб’е нас каме́ньмі, бо ён перакана́ны, што Іоан ёсьць прарок.
7 І адказалі: ня ве́даем адкуль.
8 Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае роблю.
9 І пачаў Ён гаварыць да народу гэткую прыповесьць: адзін чалаве́к насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучыўся на даўгі час;
10 і ў свой час паслаў да вінагра́дараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
11 Яшчэ паслаў другога слугу; але яны і гэтага, прыбіўшы і аблаяўшы, адаслалі ні з чым.
12 І яшчэ паслаў трэцяга; але яны й таго, зраніўшы, выгналі.
13 Тады сказаў гаспадар вінаградніку: што́ мне́ рабіць? Пашлю сына майго ўлюбленага; можа, угле́дзіўшы яго, паўстыдаюцца.
14 Але вінагра́дары, убачыўшы яго, разважалі між сабою, кажучы: «гэта наступнік; пойдзем, заб’е́м яго, і спадчына яго будзе наша.»
15 І, вы́веўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Што-ж зробіць з імі гаспадар вінаградніку?
16 Пры́йдзе ды вы́губіць вінагра́дараў гэных і аддасьць вінаграднік другім. Чуўшыя-ж гэтае сказалі: Хай ня будзе!
17 Але Ён, гля́нуўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напіса́ньне: ка́мень, каторы адкінулі будаўнічыя, ён жа зрабіўся галавою вугла? (Псальм 117:22).
18 Усякі, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе́, таго раздавіць.
19 І шукалі ў гэты час архірэі ды кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразуме́лі, што аб іх сказаў гэтую прыповесьць.
20 І, сочачы за Ім, падаслалі хітрых людзе́й, якія, удаючы пра́ведных, падлавілі-б Яго на якім-не́будзь слове, каб выдаць Яго старшынам і ўладзе гаспада́равай.
21 І тыя спыталіся ў Яго: Вучыцель! мы ве́даем, што Ты справядліва гаворыш і навучаеш і не глядзіш на аблічча, але запраўды́ шляху Божага вучыш.
22 Ці нале́жыць плаціць падатак ке́сару, ці не́?
23 Але Ён, зразуме́ўшы хітрасьць іх, сказаў ім: што вы Мяне́ спакуша́еце?
24 Пакажэце Мне́ дынарыя: чыё на ім аблічча і надпіс? Яны адказалі: ке́саравы.
25 Ён жа сказаў ім: дык аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.
26 І не маглі падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
27 Тады прыйшлі некаторыя з садуке́яў, ня ве́рачых у ўваскрасе́ньне, і спыталіся ў Яго:
28 Вучыцель! Майсе́й напісаў нам, што, калі ў каго памрэ брат, які ме́ў жонку, і памрэ бязьдзе́тным, то брат ягоны мусіць узяць яго жонку і ажывіць се́мя брату свайму (Другазаконьне 25:5).
29 Было се́м братоў; і першы, узяўшы жонку, паме́р бязьдзе́тным;
30 узяў тую жонку другі, і той паме́р бязьдзе́тным;
31 узяў яе́ і трэці, таксама й усе́ се́м, і паме́рлі, не пакінуўшы дзяце́й.
32 Пасьля ўсіх паме́рла й жонка.
33 Дык пры ўваскрасе́ньні — каторага з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра ме́лі яе́ жонкаю.
34 І сказаў ім Ісус у адказ: дзе́ці ве́ку гэтага жэняцца й выходзяць замуж;
35 а стаўшыяся годнымі прыждаць таго ве́ку і ўваскрасе́ньня з мёртвых ня жэняцца, дый замуж ня выходзяць,
36 і паме́рці ўжо ня могуць, бо яны роўны ангелам і сыны Бога, раз былі сынамі ўваскрасе́ньня.
37 А што паме́ршыя ўваскрэснуць, паказаў і Майсе́й ля купіны, калі зваў Госпада Богам Аўраама і Богам Ізаака і Богам Якава (Выхад 3:6).
38 Бо-ж ня ёсьць Бог уме́ршых, але жывых: Яму ўсе́ жывы́я.
39 На гэтае некато́рыя з кніжнікаў сказалі: Вучыцель! Ты добра сказаў.
40 І ўжо не адважа́ліся ні аб чым задаваць Яму пытаньні. Ён жа сказаў ім:
41 як кажуць: што Хрыстос ёсьць Сын Давідаў?
42 А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́,
43 дакуль пакладу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх (Псальм 109:1).
44 Дык Давід Госпадам называе Яго; як жа Ён сын яму?
45 І, калі слухаў уве́сь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
46 сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгіх вопратках; любяць вітаньні на торжышчах, пе́ршыя ме́сцы ў школах і пе́ршыя ме́сцы на банке́тах,
47 што зьядаюць хаты ўдоў і дзеля віду доўга моляцца; яны возьмуць тым цяжэйшае асуджэньне.
От Луки 20 глава в переводах