Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
1 Тимофею 5 глава
1 Старога не дакара́й, але малі, як бацьку; малодшых, як брато́ў;
2 старых жанчын, як матак; малодшых, як сёстраў, з усякаю чыстасьцяй.
3 Удоваў паважай, тых, што ўдовы запраўды.
4 Калі-ж якая ўдава ма́е дзяце́й, ці ўнукаў, дык яны насампе́рш няхай вучацца паважаць уласны дом і ў свой чарод аддзя́чыць бацьком: бо гэта добра і ўгодна перад Богам.
5 Праўдзівая-ж удава і адзінокая спадзяе́цца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уначы і ўдзе́нь,
6 раскошніца-ж, жывучы, мёртвая.
7 І гэтае загадвай ім, каб былі беззаганнымі.
8 Калі-ж хто аб сваіх, а асабліва аб хатніх не клапо́ціцца, той адрокся ад ве́ры і горш за няве́рнага.
9 Удава-ж няхай выбіраецца ня ме́нш, як шасьцідзесяціго́дняя, якая была жонкаю аднаго мужа,
10 дазнаная з добрых учынкаў, ці дзяце́й узгадавала, ці прымала падарожных, ці абмывала ногі сьвятым, ці памагала нешчасьлівым, ці рупілася аб кожную добрую справу.
11 А маладых удоў ня прымай, бо яны, разласаваўшыся насупраць Хрысту, хочуць замуж;
12 яны падлягаюць асуджэньню, бо адкінулі ране́йшую ве́ру;
13 да таго-ж яны, гуляючы, прывучаюцца хадзіць па дамох; дый ня толькі гуляшчыя, але й баўтлівыя, і цікавыя, і гавораць, чаго ня сьле́д.
14 Дык хачу, каб маладыя ўдовы йшлі замуж, радзілі дзяце́й, кіравалі домам і не давалі праціўніку ніякае падставы дзеля абмаўляньня:
15 бо некаторыя ўжо зьвярнулі на сьле́д шатана.
16 Калі які ве́рны ці ве́рная ма́е ўдовы, няхай памагае ім і не абцяжа́е Царквы, каб яна памагала запраўдным удовам.
17 Старшыя, якія старшынствуюць добра, варты падвойнае пашаны, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.
18 Бо Пісаньне кажа: не закелза́й вала, які малоціць, і: работнік варты нагароды свае́й (Другазаконьне 25:4; Мацьвея 10:10).
19 Абвінава́чаньне на старшага ня йначай прымай, як пры двох ці трох сьве́дках.
20 Тых, што граша́ць, дакара́й перад усімі, каб і іншыя страх ме́лі.
21 Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі Ангеламі заклінаю цябе́ захаваць гэтае, не асуджаючы напе́рад, нічога ня робячы водле ўнады.
22 Рук хутка ні на кога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахох; хавай сябе́ чыстым.
23 Дый ня пі адну ваду, але ўжывай крыху віна дзеля жывата твайго і частых тваіх недамаганьняў.
24 Грахі ў іншых людзе́й яўныя, і напе́радзе вядуць на асуджэньне, а за іншымі ідуць сьле́дам.
25 Гэтак сама і добрыя ўчынкі напе́рад яўныя; а калі інакш, схавацца ня могуць.
1 Тимофею 5 глава в переводах