Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Деяния 19 глава
1 І сталася, калі Апалос быў у Карынфе, Павел, прайшоўшы верхнія краіны, прыйшоў у Эфес, і знайшоў некаторых вучняў,
2 і спытаўся ў іх: Ці атрымалі вы Святога Духа, калі ўверавалі? — А яны яму: А мы нават не чулі, ці ёсць Святы Дух.
3 І ён спытаўся [ў іх]: Дык у што вы былі ахрышчаныя? — А яны сказалі: У Іаанава хрышчэнне.
4 І Павел сказаў: Іаан хрысціў хрышчэннем пакаяння, кажучы народу, каб уверавалі ў Таго, Хто ідзе за ім, гэта значыць у [Хрыста] Ісуса.
5 І, пачуўшы гэта, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса,
6 і, калі Павел усклаў на іх рукі, на іх зышоў Святы Дух, і яны пачалі гаварыць на іншых мовах і прарочыць.
7 А было ўсіх мужчын каля дванаццаці.
8 І, увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, разважаючы і пераконваючы пра Царства Божае.
9 Але калі некаторыя ўпарціліся ў нявер’і і не давалі пераканаць сябе, ліхасловячы дарогу Гасподнюю перад мноствам людзей, ён, адступіўшыся ад іх, аддзяліў вучняў і штодня прапаведваў у школе [нейкага] Тыранна.
10 І гэта доўжылася два гады, так што ўсе жыхары Азіі пачулі слова Госпада [Ісуса] — і іудзеі, і эліны.
11 І Бог тварыў незвычайныя цуды Паўлавымі рукамі,
12 так што нават хусткі ці фартухі адносілі з яго цела да хворых, і ад іх адступалі хваробы, і [з іх] выходзілі злыя духі.
13 Нават некаторыя з вандроўных іудзейскіх заклінальнікаў паспрабавалі называць над апанаванымі злымі духамі імя Госпада Ісуса, кажучы: Заклінаю вас Ісусам, Якога прапаведуе Павел.
14 І рабілі гэта сем сыноў нейкага Скевы, іудзейскага першасвятара.
15 І злы дух сказаў ім у адказ: Ісуса я ведаю, і Павел мне вядомы, а вы хто?
16 І накінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, адолеў абодвух і ўзяў над імі такую сілу, так што яны, голыя і параненыя, выбеглі з таго дома.
17 І гэта стала вядома ўсім: і іудзеям, і элінам, якія жылі ў Эфесе; і напаў страх на ўсіх іх і ўзвялічылася імя Госпада Ісуса.
18 І многія з тых, што ўверавалі, прыходзілі, спавядаючыся і адкрываючы свае ўчынкі.
19 І даволі многія з тых, хто займаўся чарадзействам, пазносілі свае кнігі і спалілі перад усімі; і падлічылі іх кошт, і выйшла пяцьдзесят тысяч серабром.
20 Гэтак слова Гасподняе магутна расло і ўмацоўвалася.
21 І калі гэта здзейснілася, Павел задумаў у духу, прайшоўшы Македонію і Ахаію, падацца ў Іерусалім, сказаўшы: Пасля таго, як пабываю там, трэба мне ўбачыць і Рым.
22 І, паслаўшы ў Македонію двух са сваіх памочнікаў Цімафея і Эраста, сам на нейкі час застаўся ў Азіі.
23 І ў той час адбылося немалое хваляванне вакол дарогі [Гасподняй].
24 Бо адзін сярэбранік імем Дзімітрый, які рабіў сярэбраныя мадэлі храма Артэміды, даваў рамеснікам немалы заробак.
25 Сабраўшы разам іх і працаўнікоў такога ж рамяства, ён сказаў: Мужы, вы ведаеце, што ад гэтага заробку мы маем [наш] дабрабыт.
26 І вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфесе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Павел пераканаў і адвярнуў даволі вялікую грамаду, кажучы, што гэта не багі тыя, якія робяцца рукамі.
27 І небяспека не толькі ў тым, што наша рамяство будзе зняслаўлена, але і што святыню вялікай багіні Артэміды будуць мець за нішто, а таксама будзе зруйнавана веліч тае, якую ўшаноўвае ўся Азія і населеная зямля.
28 І, пачуўшы [гэта] і напоўніўшыся лютасцю, яны пачалі крычаць, кажучы: Вялікая Артэміда Эфеская!
29 І [ўвесь] горад напоўніўся сумятнёю, і яны аднадушна кінуліся ў тэатр, схапіўшы македонцаў Гаія і Арыстарха, Паўлавых спадарожнікаў.
30 Калі ж Павел хацеў увайсці ў народ, вучні не дазволілі яму.
31 І таксама некаторыя з азіярхаў, якія былі яго сябрамі, паслаўшы да яго, прасілі, каб ён не ішоў у тэатр.
32 А між тым адны крычалі адно, другія — другое; бо сход быў у сумятні і большасць не ведала, дзеля чаго яны зышліся.
33 І выставілі з натоўпу [наперад] Аляксандра, якога прапанавалі іудзеі; і Аляксандр, даўшы знак рукою, хацеў апраўдвацца перад народам.
34 Але калі яны пазналі, што ён іудзей, то з усіх вуснаў чуўся адзіны голас і амаль праз дзве гадзіны яны крычалі: Вялікая Артэміда Эфеская!
35 І гарадскі сакратар, супакоіўшы натоўп, сказаў: Мужы эфескія, які ж чалавек не ведае, што горад эфесянаў — гэта захавальнік храма вялікай [багіні] Артэміды і статуі, якая ўпала ад Дзеўса?
36 Дык таму, што гэта бясспрэчна, вам трэба быць спакойнымі і не рабіць нічога неабдуманага;
37 бо вы прывялі гэтых людзей, якія ні храма не абрабавалі, ні нашу багіню не зневажаюць.
38 І калі Дзімітрый і рамеснікі з ім маюць скаргу на каго-небудзь, то праводзяцца суды і ёсць праконсулы; няхай яны абвінавачваюць адзін аднаго.
39 А калі вы дамагаецеся чаго-небудзь большага, то гэта будзе вырашана на законным сходзе.
40 Бо мы ж рызыкуем, што за сённяшняе нас абвінавацяць у мяцяжы, хоць няма ніякай прычыны і ў сувязі з ім мы не зможам даць апраўдання дзеля гэтага зборышча. І, сказаўшы гэта, ён распусціў сход.
Деяния 19 глава в переводах