Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Деяния 19 глава
1 І сталася, як Апальлёс быў у Карыньце, што Паўла, прайшоўшы вышэйшыя краіны, зайшоў у Эфэс. Знайшоўшы-ж некаторых вучняў,
2 сказаў да іх: Ці, уве́раваўшы, прынялі вы Духа Сьвятога? Яны-ж сказалі яму: Але-ж мы й ня чулі, што існуе Сьвяты Дух.
3 І сказаў да іх: Дык у што-ж вы хрысьціліся? Яны-ж сказалі: У хрышчэньне Іоанавае.
4 Паўла-ж сказаў: Іоан хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы народу, каб уве́равалі ў Таго, што йдзе́ за ім, знача ў Ісуса Хрыста.
5 Пачуўшы-ж, яны ахрысьціліся ў імя Госпада Ісуса.
6 І, як узлажыў Паўла рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і пачалі гаварыць языкамі ды прарочыць.
7 Было-ж усіх каля дванаццацёх мужоў.
8 Увайшоўшы-ж у сынагогу, адважна прамаўляў, вядучы ў працягу трох ме́сяцаў гутаркі й даводзячы аб царстве Божым.
9 А як некаторыя закамянелі й ня ве́рылі, зьневажаючы шлях (Гасподні) перад народам, дык, пакінуўшы іх, аддзяліў вучняў і кожын дзе́нь гутарыў у школе не́йкага Тырана.
10 Дзе́ялася-ж гэта два гады, і гэтак чулі слова Госпада Ісуса ўсе́ жыхары Азіі, Жыды і Грэкі.
11 І Бог немалыя цуды рабіў рукамі Паўлы,
12 так, што хусткі й паясы ад це́ла ягонага на хворых ускладалі, і пакідалі іх хваробы, і духі нячыстыя выходзілі із іх.
13 Дый некаторыя з вандроўных шаптуноў Жыдоўскіх пачалі над апанаванымі злым духам называць імя Госпада Ісуса, мовячы: Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Паўла.
14 Былі-ж не́йкія сямёра сыноў Ске́вы, архірэя Жыдоўскага, якія рабілі гэта.
15 І злы дух, адказваючы, сказаў: Ве́даю Ісуса, дый Паўлу ве́даю; а вы хто будзеце?
16 І чалаве́к, што ў ім быў злы дух, накінуўшыся на іх і перамогшы іх, ме́ў гэткую сілу над імі, што яны голыя й параненыя ўцяклі з гэнага дому.
17 Гэта сталася ве́дама Жыдом і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і страх напаў на іх на ўсіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.
18 Багата-ж із тых, што ўве́равалі, прыходзілі, вызнаваючы й апавядаючы ўчынкі свае́;
19 і даволі з тых, што чынілі чары, папрыносіўшы кнігі свае́, папалілі іх перад усімі; і, палічыўшы цану іх, знайшлі пяцьдзесят тысячаў серабра.
20 З гэткай сілай расло й крапчэла слова Гасподняе.
21 Калі-ж гэта споўнілася, Паўла пастанавіў у духу йсьці ў Ерузалім, прайшоўшы праз Македонію і Ахе́ю, ды сказаў: Пабываўшы там, трэ’ мне́ й Рым пабачыць.
22 Паслаўшы-ж у Македонію двух прыслужнікаў сваіх, Цімахве́я й Эраста, сам астаўся часова ў Азіі.
23 Пад гэны-ж час узьнялася трывога немалая аб шлях (Гасподні):
24 бо не́хта, на ймя Зьмітра, што рабіў сярэбраныя храмы Артэміды й даваў раме́сьнікам немалы заработак,
25 сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў гэтага дзе́ла, сказаў: Мужы, вы ве́даеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт;
26 бачыце-ж і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але й блізу па ўсе́й Азіі гэны Паўла, пераканаўшы, багата народу адвярнуў, кажучы, што няма багоў рукатворных.
27 А гэта ня толькі пагражае ўпадкам нашаму рамяслу, але й тым, што храм вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, ды зьніштожыцца ве́ліч тае́, якую паважае ўся Азія і ўве́сь сьве́т.
28 Пачуўшы-ж і напоўніўшыся страхам, яны закрычэлі, мовячы: Вяліка Артэміда Эфэская!
29 І ўсё ме́ста напоўнілася ўзварушэньнем; і, захапіўшы з сабой Гайя й Арыстарха, Македонцаў, што вандравалі з Паўлам, кінуліся аднадушна ў тэатр.
30 Калі-ж Паўла хаце́ў выйсьці да народу, вучні не пазволілі яму.
31 Дый некаторыя із начальнікаў Азійскіх, што былі прыяцелямі яго, паслалі да яго прасіць, каб ня йшоў у тэатр.
32 Адны-ж крычэлі адно, другія другое: бо сход быў бязладны, і большасьць ня ве́дала, дзеля чаго сабраліся.
33 З таўпы-ж выпхнулі напе́рад Аляксандра, якога выпіхалі Жыды. Аляксандр жа, зрабіўшы знак рукою, хаце́ў апраўдацца перад народам.
34 Калі-ж даве́даліся, што ён — Жыд, дык узьняўся крык у адзін голас, і крычэлі каля дзьвюх гадзін: Вяліка Артэміда Эфэская!
35 Усьцішыўшы-ж народ, пісар кажа: Мужы Эфэскія! Хто-ж ня ве́дае, што ме́ста Эфэс ёсьць вартаўнік храму вялікае багіні Артэміды й Дыапэта?
36 А як проці гэтага нічога сказаць не́льга, дык трэ’ вам супакоіцца й нічога неразважна не рабіць.
37 Вы-ж прывялі гэтых людзе́й, якія ані храму не абакралі, ані багіні вашае не зьневажалі.
38 Калі-ж Зьмітра й раме́сьнікі, што з ім, маюць скаргу на каго, дык судзяць судзьдзі, і старасты ёсьць: няхай адны адных пазываюць.
39 Калі-ж даходзіце не́чага іншага, дык будзе разьвязана на законным сходзе.
40 Мы-ж баімося, каб не абвінавацілі нас за сягоньняшнюю разруху, бо-ж няма ніякае прычыны, каб апраўдаць гэту зборку.
41 І, сказаўшы гэта, распусьціў сабраньне.
Деяния 19 глава в переводах