Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Деяния 19 глава

Вучні Яна ў Эфесе атрымліваюць Духа1 Калі Апалос быў у Карынце, Павел прайшоў праз горныя ваколіцы, спусціўся ў Эфес і, знайшоўшы там некаторых вучняў,
2 сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, калі паверылі?» А яны адказалі яму: «Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы».
3 Ён спытаў: «У што ж вы хрысціліся?» Яны адказалі: «У хрост Яна». Павел сказаў:
4 «Ян хрысціў хростам пакаяння, кажучы людзям, каб паверылі ў таго, хто ідзе пасля яго, гэта значыць, у Езуса».
5 Калі гэта пачулі, ахрысціліся ў імя Пана Езуса.
6 І калі Павел усклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх. Яны гаварылі мовамі і прарочылі.
7 А было ўсіх каля дванаццаці чалавек.
Павел прапаведуе ў Эфесе і чыніць цуды8 Увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна прамаўляў тры месяцы, прапаведуючы і пераконваючы наконт Божага Валадарства.
9 А калі некаторыя заўпарціліся і не верылі, зласловячы шлях Пана перад народам, Павел пакінуў іх, узяўшы з сабою вучняў, і штодня прапаведаваў у школе Тырана.
10 Гэта працягвалася два гады, так што ўсе жыхары Азіі, юдэі і грэкі, пачулі слова Пана.
11 Бог рабіў надзвычайныя цуды рукамі Паўла,
12 так што на хворых ускладалі хусты і паясы з яго цела, і хваробы пакідалі іх, і злыя духі выходзілі з іх.
Юдэйскія заклінальнікі13 Нават некаторыя з вандроўных юдэйскіх заклінальнікаў заклікалі над тымі, хто быў апанаваны злымі духамі, імя Пана Езуса, кажучы: «Заклінаю вас Езусам, якога прапаведуе Павел».
14 Рабілі гэта сем сыноў пэўнага Скевы, юдэйскага першасвятара.
15 Але злы дух адказаў ім: «Я знаю Езуса і ведаю Паўла, а вы хто такія?»
16 І накінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, перамогшы абодвух, адолеў іх так, што яны ўцяклі з таго дома голыя і параненыя.
17 Пра гэта стала вядома сярод усіх юдэяў і грэкаў, якія жылі ў Эфесе. Страх ахапіў іх усіх, і ўзвялічана было імя Пана Езуса.
18 Многія з тых, хто паверыў, прыходзілі, вызнаючы і выяўляючы свае ўчынкі.
19 Нямала з тых, хто займаўся чарадзействам, сабраўшы свае кнігі, спалілі іх перад усімі. А калі падлічылі іх кошт, аказалася іх на пяцьдзясят тысяч срэбных манет.
20 Так моцна ўзрастала і ўмацоўвалася слова Пана.
Планы Паўла21 Калі гэта здзейснілася, Павел вырашыў прайсці Македонію і Ахаю і накіравацца ў Ерузалем, кажучы: «Калі пабуду там, дык я павінен убачыць і Рым».
22 І паслаў у Македонію з тых, хто служыў яму, двух — Цімафея і Эраста, а сам пэўны час заставаўся ў Азіі.
Дэметрый супраць Паўла23 У гэты час узнялося немалое абурэнне з прычыны шляху Пана.
24 Нейкі Дэметрый, што займаўся срэбрам і рабіў срэбныя святыні Артэміды, прыносіў немалы прыбытак рамеснікам.
25 Ён сабраў іх і іншых падобных рамеснікаў і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што наш дастатак залежыць ад гэтага занятку.
26 А вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфесе, але і амаль па ўсёй Азіі гэты Павел пераканаў і адвярнуў нямала народу, кажучы, што не з’яўляецца багамі тое, што зроблена рукамі.
27 Гэта пагражае нам не толькі тым, што наша доля прыйдзе ў заняпад, але і святыня вялікай багіні Артэміды будзе лічыцца нічога не вартай, і пазбавіцца велічы тая, якой пакланяецца ўся Азія і свет».
28 Пачуўшы гэта, яны напоўніліся гневам і закрычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
29 Увесь горад ахапіла хваляванне. Схапіўшы спадарожнікаў Паўла, македонцаў Гая і Арыстарха, яны ўсёй грамадой кінуліся да тэатра.
30 Калі Павел хацеў увайсці ў натоўп, вучні не пусцілі яго.
31 Таксама некаторыя кіраўнікі правінцыі, якія прыязна ставіліся да яго, паслалі да яго з просьбай, каб не паказваўся ў тэатры.
32 Тым часам адны крычалі адно, другія — іншае, бо сход быў бязладны і многія не ведалі, чаго сабраліся.
33 Тады з натоўпу вывелі Аляксандра, якога юдэі выштурхнулі наперад. Аляксандр даў знак рукой, што хоча апраўдацца перад народам.
34 Калі ж даведаліся, што ён юдэй, усе ў адзін голас і каля дзвюх гадзін крычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
35 Урэшце гарадскі пісар супакоіў народ, сказаўшы: «Эфесцы, хто з людзей не ведае, што горад Эфес — захавальнік святыні вялікай Артэміды і яе выявы, што ўпала з неба?
36 А паколькі гэта бясспрэчна, то вам трэба захоўваць спакой і не рабіць нічога паспешна.
37 Вы прывялі гэтых людзей, якія не блюзнерылі і не зняважылі нашай багіні.
38 Калі ж Дэметрый і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку адбываюцца суды і ёсць праконсулы. Няхай абвінавачваюць адны другіх.
39 А калі вы дабіваецеся чагосьці іншага, то гэта вырашыцца на законным сходзе.
40 Бо нам пагражае абвінавачанне ў сённяшнім хваляванні, і няма ніякай прычыны, каб апраўдаць наша зборышча». Сказаўшы гэта, ён распусціў сход.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.