Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Деяния 4 глава
1 І калі яны прамаўлялі да народу, да іх падступілі святары, начальнік храмавай варты і садукеі,
2 раздражнёныя тым, што яны вучаць народ і абвяшчаюць у Ісусе ўваскрэсенне з мёртвых,
3 і наклалі на іх рукі і змясцілі пад варту да раніцы: бо ўжо быў вечар.
4 Але многія з тых, што слухалі слова, уверавалі, і лік гэтых людзей дасягнуў [каля] пяці тысяч.
5 І сталася: на другі дзень сабраліся ў Іерусаліме іх начальнікі, і старэйшыны, і кніжнікі,
6 і Ганна, першасвятар, і Каіяфа, і Іаан, і Аляксандр, і тыя, што былі з першасвятарскага роду,
7 і, паставіўшы іх пасярэдзіне, яны спыталіся: Якою сілаю альбо якім імем вы гэта зрабілі?
8 Тады Пётр, напоўніўшыся Святым Духам, сказаў ім: Начальнікі народа і старэйшыны [Ізраільскія]!
9 Калі нас сёння дапытваюць за дабрадзейства хвораму чалавеку, чым гэты чалавек выратаваны,
10 то няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў з мёртвых, Гэтым імем стаіць гэты чалавек перад вамі здаровы.
11 Ён — камень, пагрэбаваны вамі, будаўнікамі, які стаў асноваю вугла.
12 І няма ні ў кім іншым выратавання, бо няма пад небам іншага імя, дадзенага людзям, якім мы павінны быць выратаваны.
13 І, бачачы адвагу Пятра і Іаана і зразумеўшы, што яны людзі невучоныя і простыя, яны здзіўляліся і пазнавалі іх — што яны былі з Ісусам.
14 І, бачачы, што стаіць з імі выздаравелы чалавек, нічога не маглі запярэчыць.
15 І, загадаўшы, каб яны выйшлі з сінедрыёна, пачалі раіцца адзін з адным,
16 кажучы: Што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо дзівосны знак, які адбыўся праз іх, вядомы ўсім жыхарам Іерусаліма, і мы не можам гэтага адмаўляць.
17 Але, каб гэта яшчэ больш не пашыралася ў народзе, [давайце] прыстрашым іх, каб яны больш не казалі пра гэтае імя нікому з людзей.
18 І, паклікаўшы іх, загадалі зусім не казаць і не вучыць у імя Ісуса.
19 Але Пётр і Іаан сказалі ім у адказ: Ці справядліва перад Богам слухацца вас больш, чым Бога, — памяркуйце самі;
20 бо не можам мы не казаць пра тое, што бачылі і чулі.
21 І тыя, яшчэ прыстрашыўшы, адпусцілі іх, не знаходзячы нічога, каб пакараць іх, з-за народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося;
22 бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім адбыўся гэты цуд выздараўлення.
23 Калі ж іх адпусцілі, яны прыйшлі да сваіх і расказалі, што ім казалі першасвятары і старэйшыны.
24 І тыя, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Уладару, Ты [Божа], Хто стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
25 Які праз Святога Духа, праз вусны нашага бацькі Давіда, Твайго слугі, сказаў: «Чаго ўзбунтаваліся язычнікі, і народы задумалі марнае?
26 Паўсталі зямныя цары, і начальнікі сабраліся разам супроць Госпада і супроць Яго Хрыста»
27 Бо яны папраўдзе сабраліся ў гэтым горадзе на Твайго Святога Сына Ісуса, Якога Ты памазаў, і Ірад, і Понцій Пілат разам з язычнікамі і людзьмі Ізраіля,
28 каб зрабіць тое, чаму Твая рука і Твая задума прадвызначыла адбыцца.
29 І цяпер, Госпадзе, паглядзі на іх пагрозы і дай Тваім слугам з усёй адвагаю прамаўляць Тваё слова,
30 калі Ты працягваеш [Тваю] руку на вылячэнне і каб адбываліся знакі і цуды імем Твайго Святога Сына Ісуса.
31 І, калі яны памаліліся, месца, дзе яны сабраліся, здрыганулася, і ўсе напоўніліся Святым Духам і сталі казаць слова Божае з адвагаю.
32 І ва ўсім мностве, што ўверавала, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога са сваёй маёмасці не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае.
33 І Апосталы з вялікай сілаю сведчылі пра ўваскрэсенне Госпада Ісуса [Хрыста], і вялікая ласка была на ўсіх іх.
34 Бо не было між іх нікога ў нястачы; бо ўсе, што былі ўладальнікамі зямель ці дамоў, прадавалі і прыносілі цану прададзенага
35 і клалі ў нагах Апосталаў, і яно раздавалася кожнаму, хто ў чым меў патрэбу.
36 І Іосіф, празваны апосталамі Варнавам, што ў перакладзе азначае «сын суцяшэння», лявіт, кіпрыёт родам,
37 у якога было поле, прадаў яго, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.
Деяния 4 глава в переводах