Читай и изучай

Библия » Пераклад Сабілы і Малахава

Деяния 4 глава

1 Калі яны гаварылі да народу, прыступіліся да іх сьвятары і начальнік варты Сьвятыні і саддукеі,
2 узлаваныя тым, што яны вучаць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне із мёртвых.
3 І наклалі на іх ру́кі і адда́лі (іх) пад варту да наступнага дня, бо быў ужо вечар.
4 І многія з тых, што пачулі слова, уверавалі. І было такіх мужчын лікам каля пяцёх тысячаў.
5 І сталася, што на другі дзень былі сабраныя іхныя начальнікі і старэйшыны, і кніжнікі
6 ў Ярузаліму, і Ганна архірэй, і Кайяхва, і Яан, і Аляксандра і ўсе, хто быў з роду архірэйскага.
7 І, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю ці якім імем зрабілі вы гэта?
8 Тады Пётра, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі народу і старэйшыны Ізраэлю!
9 Калі нас сёньня дапытваюць пра дабрадзеяньне чалавеку хвораму, кім ён аздароўлены,
10 хай будзе ведама ўсім вам і ўсяму народу Ізраэлю, што Імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў ізь мёртвых, Ім ён пастаўлены перад вамі здаровым,
11 Ён ёсьць Камень, пага́рджаны вамі будаўнікамі, (але) Ён стаў Галавою вугла,
12 і няма ні ў кім іншым выратаваньня. Бо няма іншага імені пад небам, дадзенага людзям, якім нам належыць быць уратаванымі.
13 Бачачы ж сьмеласьць Пятра ды Яана і сьцяміўшы, што яны людзі ня кніжныя і простыя, зьдзіўляліся. І пазнавалі іх, што яны былí разам зь Ісусам.
14 Але бачачы разам зь імі таго чалавека, які стаяў аздароўленым, нічога ня маглі запярэчыць.
15 Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну вон, разважалі паміж сабою,
16 кажучы: што зробім з гэтымі людзьмі? бо сапраўды стаў добра вядомым усім жыхара́м Ярузаліму цуд, які сатвораны цераз іх, і мы ня можам (гэтага) аспрэчыць,
17 але, каб больш гэта ня было распаўсюджана ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб больш ня казалі аб Імені гэтым нікому зь людзей.
18 І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім ня гаварыць і ня навучаць у Імя Ісусава.
19 Але Пётра і Яан адказаўшы ім сказалі: судзіце самі ці справедліва перад Богам — слухацца вас болей, чым Бога?
20 Бо мы, якія ўбачылі і пачулі, ня можам ня гаварыць.
21 Дык яны пагразіўшы звольнілі іх ня знаходзячы як можна пакараць іх дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася,
22 бо чалавеку таму было́ больш чым сорак гадоў, над якім стаўся такі цуд аздараўленьня.
23 Звольненыя яны прыйшлі да сваіх і пераказалі ўсё, што ім сказалі архірэі і старэйшыны.
24 А тыя, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару! Ты Бог, Які стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх!
25 Вуснамі Давіда, слугі Твайго, (Ты) сказаў: чаму забунтаваліся пагане, і народы надумалі марнае?
26 Паўсталі цары зямлі, і валадары сабраныя супраць Яго: супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага.
27 Бо сапраўды сабраны супраць Сьвятога Слугі Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, — Гірад і Понцій Пілат разам з паганамі і народам Ізраэля;
28 выканаць усё, чаму Рука Твая і Задума Твая наканавала стацца.
29 І цяпер, Госпадзе, глянь на пагрозы іхныя і дай рабам Тваім з усёй адвагай гаварыць Слова Тваё,
30 у той час як Ты працягваеш Руку́ Тваю на ўчыне́ньне аздараўле́ньня і зна́каў і цудаў у Іме́ні Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
31 І, як (яны) памаліліся, было пахістана мейсца тое, у якім яны былі сабраны, і ўсе былі напоўнены Духам Сьвятым і гаварылі Слова Бога з адвагай.
32 І ў мноства (людзей) што ўверылі было адно сэрца і адна душа́, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй ня называў уласным, але было́ ў іх ўсё супольнае.
33 І зь вялікай сілай Апосталы давалі сьведчаньне пра ўваскрасеньне Госпада Ісуса. І вялікая Багадаць была на ўсіх іх.
34 І ня было сярод іх нікога ў нястачы, бо ўсе, хто валодалі землямі альбо дамамі, прадаючы прыносілі цану праданага
35 і клалі да ног Апосталаў. І давалася кожнаму столькі, хто якую меў патрэбу.
36 А Ёсія, празваны Апосталамі Барнабам, што значыць «Сын суцяшэньня», — лявіт, родам кіпрыец,
37 маючы сваё поле, прадаўшы (яго) прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.