Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Деяния 4 глава
Пётр і Ян перад Сінэдрыёнам1 Калі яны прамаўлялі да народу, падышлі да іх святары, дазорац святыні і садукеі,
2 абураныя тым, што яны навучаюць народ і абвяшчаюць уваскрашэнне ў Езусе.
3 Схапілі іх і кінулі ў вязніцу да раніцы, бо ўжо быў вечар.
4 А многія з тых, хто чуў прамову, паверылі. Было іх каля пяці тысяч мужчын.
5 На другі дзень сабраліся іх правадыры, старэйшыны і кніжнікі ў Ерузалеме,
6 таксама першасвятар Анна і Каяфа, Ян і Аляксандр ды іншыя, што былі з першасвятарскага роду.
7 Яны паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: «Якою моцаю або чыім імем вы зрабілі гэта?»
8 Тады Пётр, напоўнены Духам Святым, сказаў ім: «Правадыры народу і старэйшыны,
9 калі нас сёння дапытваюць за добры ўчынак, дзякуючы якому гэты хворы чалавек выздаравеў,
10 то няхай будзе вядома вам і ўсяму ізраэльскаму народу, што гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы дзякуючы імені Езуса Хрыста, Назараніна, якога вы ўкрыжавалі і якога Бог уваскрасіў з мёртвых.
11 Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі,і які стаўся галавою вугла.
12 І няма ні ў кім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне».
13 Бачучы адвагу Пятра і Яна і даведаўшыся, што гэта людзі непісьменныя і простыя, дзівіліся. І пазналі іх, што яны былі з Езусам.
14 Гледзячы на аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, нічога не маглі адказаць.
15 Загадаўшы ім выйсці з месца пасяджэнняў, раіліся паміж сабою, кажучы:
16 «Што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо яны ўчынілі відавочны цуд, вядомы ўсім жыхарам Ерузалема. І мы не можам запярэчыць гэтаму.
17 Але, каб далей не пашыралася гэта ў народзе, забаронім ім пад пагрозаю, каб не прамаўлялі больш ад гэтага імя да ніводнага чалавека».
18 Тады паклікалі іх і забаранілі ім увогуле прамаўляць і навучаць у імя Езуса.
19 Але Пётр і Ян адказалі ім: «Падумайце, ці справядліва перад Богам слухацца вас больш, чым Бога?
20 Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі».
21 А тыя зноў прыгразілі і адпусцілі іх, бо з ўвагі на людзей не змаглі пакараць іх, таму што ўсе славілі Бога за тое, што сталася.
22 А чалавеку таму, з якім стаўся гэты цуд аздараўлення, было больш за сорак гадоў.
Малітва супольнасці23 Калі іх адпусцілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі, што сказалі ім першасвятары і старэйшыны.
24 Тыя, выслухаўшы іх, узнялі разам голас да Бога і сказалі: «Валадару, Ты стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх.
25 Ты праз Духа Святога вуснамі айца нашага Давіда, Твайго слугі, сказаў: “Чаму бунтуюцца язычнікіі народы задумалі марнае?
26 Паўсталі каралі зямлі,і валадары сабраліся разамсупраць Пана і супраць Памазаніка Яго”.
27 Бо, сапраўды, супраць святога Слугі Твайго Езуса, якога Ты намасціў, сабраліся ў гэтым горадзе Ірад і Понцій Пілат разам з язычнікамі і народам Ізраэля,
28 каб учыніць тое, што Твая рука і воля Твая прадвызначыла.
29 Цяпер, Пане, паглядзі на іхнія пагрозы і дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць Тваё слова.
30 Выцягні сваю руку дзеля аздараўлення, няхай стануцца знакі і цуды ў імя святога Слугі Твайго Езуса».
31 Калі памаліліся, затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова.
Супольная маёмасць32 Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў сваім нічога з маёмасці сваёй, але ўсё ў іх было супольнае.
33 Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку.
34 Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх
35 і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. А раздавалася кожнаму паводле ягонай патрэбы.
36 Юзаф жа, якога Апосталы называлі Барнабам, што азначае «сын суцяшэння», левіт, родам з Кіпра,
37 прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.
Деяния 4 глава в переводах