Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Деяния 4 глава

1 Калі ж яны прамаўлялі да народа, падышлі да іх святары і начальнік святыні ды садукеі,
2 наракаючы, што яны вучаць народ ды што абвяшчаюць у Ісусе ўваскрэсенне з мёртвых.
3 Дык усклалі на іх рукі і даручылі іх варце да наступнага дня, бо быў ужо вечар.
4 А многія з тых, што слухалі слова, уверылі; і было іх лікам каля пяці тысяч мужоў.
5 І сталася на наступны дзень, што сабраліся ў Ерузаліме іх начальнікі, старэйшыны і кніжнікі,
6 і першасвятар Анна, і Каяфа, і Ян, і Аляксандр ды колькі іх было са святарскага роду
7 і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: «Якою моцай ці ў чыё імя вы гэта зрабілі?»
8 Тады Пётра, напоўнены Святым Духам, сказаў ім: «Правадыры народа і старэйшыны Ізраэля!
9 Калі сёння вы дапытваеце нас пра дабрадзейства хвораму чалавеку, праз якое ён быў аздароўлены,
10 дык хай будзе ведама ўсім вам ды ўсяму народу Ізраэля, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі і Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, у Яго імя гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.
11 Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі і які стаўся галавою вугла.
12 І няма ў нікім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы быць збаўлены».
13 Яны, бачачы адвагу Пётры і Яна і зразумеўшы, што яны людзі простыя і неадукаваныя, здзівіліся і пазналі іх, што яны былі з Ісусам.
14 Але, бачачы стаяўшага з імі чалавека, які быў аздароўлены, нічога не маглі запярэчыць.
15 Дык, загадаўшы ім выйсці з залы рады, радзіліся між сабой,
16 кажучы: «Што маем зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо ўсім жыхарам Ерузаліма ясна, што зроблены імі яўны знак, і мы не можам адмаўляць гэта.
17 Але, каб не разыходзілася гэта ў народзе, сурова забаронім ім, каб больш не прамаўлялі ў гэтае імя ніводнаму чалавеку».
18 І, зноў паклікаўшы іх, забаранілі ім зусім прамаўляць і навучаць у імя Ісуса.
19 Аднак Пётра і Ян, адказваючы, сказалі ім: «Мяркуйце самі, ці справядліва перад абліччам Бога вас больш слухаць, чым Бога?
20 Бо мы не можам не гаварыць пра тое, што мы бачылі і чулі».
21 Дык яны, аднаўляючы пагрозы і не знаходзячы, за што караць, выпусцілі іх дзеля народа, бо ўсе славілі Бога з прычыны таго, што сталася.
22 Бо той чалавек, з якім стаўся гэты знак аздараўлення, меў болей сарака гадоў.
23 Выпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і абвясцілі, што казалі ім першасвятары і старэйшыны.
24 Тыя ж, выслухаўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Госпадзе, Ты — Бог, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ёсць у іх,
25 Які праз Духа Святога сказаў вуснамі бацькі нашага Давіда, паслугача Твайго: “Чаго бунтуюцца плямёны і народы задумваюць марнае?
26 Узнімаюцца цары зямлі і князі збіраюцца супольна супраць Госпада і супраць Хрыста Яго”.
27 Бо сапраўды сышліся ў гэтым горадзе супраць святога Паслугача Твайго Ісуса, Якога Ты намасціў, Ірад і Понцкі Пілат з паганамі ды народам Ізраэля,
28 каб здзейсніць тое, чаму рука і рада Твая прызначылі стацца.
29 І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іх ды дай слугам Тваім з усёю адвагай абвяшчаць слова Тваё,
30 ды працягні руку Тваю, каб аздараўляць і чыніць знакі і цуды праз імя святога Сына Твайго Ісуса».
31 І, калі яны памаліліся, задрыжала месца, на якім яны сабраліся, ды ўсе былі напоўнены Духам Святым і вясцілі слова Божае з адвагай.
32 І вялікае мноства веруючых былі аднаго сэрца і адной душы; і нічога з таго, што мелі, ніхто не называў сваім, бо ўсё ў іх было супольнае.
33 І Апосталы з вялікай сілай сведчылі пра ўваскрэсенне Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
34 І не было між імі нікога ў недастатку, бо ўсе, хто былі ўласнікі зямлі або дома, прадавалі іх ды прыносілі грошы за тое, што прадавалі,
35 ды складалі ля ног Апосталаў, ды давалася кожнаму тое, хто ў чым меў патрэбу.
36 Тады Язэп, названы Апосталамі Барнабам, што значыць «Сын пацяшэння», левіт, родам з Кіпра,
37 маючы зямлю, прадаў яе, і прынёс грошы, і паклаў ля ног Апосталаў.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.