Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 35 глава

1 І справіў Ёсія ў Ерусаліме Пасху для ГОСПАДА, і зарэзалі пасхальнае [ягня] ў чатырнаццаты дзень першага месяца.
2 І паставіў ён сьвятароў на пасады іхнія, і падбадзёрваў іх служыць у Доме ГОСПАДА.
3 І ён сказаў лявітам, якія вучылі ўвесь Ізраіль і былі пасьвячоныя для ГОСПАДА: «Пастаўце Каўчэг Сьвяты ў Доме, які пабудаваў Салямон, сын Давіда, валадар Ізраіля. Ня будзе [ён] цяжарам на рамёнах вашых. Цяпер служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і народу Ягонаму, Ізраілю.
4 І рыхтуючыся, падрыхтуйцеся па дамах бацькоў сваіх, па чэргах сваіх, паводле напісанага Давідам, валадаром Ізраіля, і паводле напісанага Салямонам, сынам ягоным;
5 і стойце ў сьвятыні паводле падзелаў дамоў бацькоў, паводле братоў сваіх, сыноў народу, і падзел гэты паводле дамоў бацькоў лявітаў.
6 І зарэжце пасхальнае [ягня], і асьвяціцеся, і прыгатуйце яго для братоў сваіх, робячы [гэта] паводле слова ГОСПАДА, [дадзенага] праз рукі Майсея».
7 І даў Ёсія для сыноў народу, для ўсіх, што былі там, авечак, ягнятаў і маладых козаў, усё на ахвяру пасхальную, лікам трыццаць тысячаў, і тры тысячы валоў. Гэта [ён даў] з маёмасьці валадара.
8 І князі ягоныя давалі ахвотна народу, сьвятарам і лявітам. Хількія, Захарыя і Ехіэль, начальнікі ў Доме Божым, далі сьвятарам на ахвяру пасхальную дзьве тысячы шэсьцьсот [авечак] і трыста валоў.
9 А Хананія, Шэмая і Натанаэль, браты ягоныя, і Хашавія, Еіэль і Ёзавад, начальнікі лявітаў, далі лявітам на ахвяру пасхальную пяць тысячаў [авечак] і пяцьсот валоў.
10 І было падрыхтавана служэньне. І сталі сьвятары на месцы свае, і лявіты — чэргамі сваімі, паводле загаду валадара.
11 І рэзалі пасхальнае [ягня], і крапілі сьвятары крывёю з рук сваіх, а лявіты зьдзіралі [скуры].
12 І яны адклалі цэласпаленьні, каб даць паводле падзелаў дамоў бацькоў сынам народу ахвяроўваць ГОСПАДУ, як напісана ў Кнізе Майсея. І гэтак сама зрабілі з валамі.
13 І пяклі пасхальнае [ягня] на агні, паводле пастановы, а ахвяры сьвятыя варылі ў катлах, гаршчках і рондлях, і хутка несьлі ўсім сынам народу.
14 А потым прыгатавалі сабе і сьвятарам, бо сьвятары, сыны Аарона, былі пры ахвяраваньні цэласпаленьняў і тлушчу аж да ночы, таму гатавалі лявіты сабе і сьвятарам, сынам Аарона.
15 І сьпевакі, сыны Асафа, былі на месцах сваіх паводле загаду Давіда і Асафа, і Гэмана, і Едутуна, відушчага валадара, і прыдзьвернікі [стаялі] ў кожнай браме. Не было патрэбы адыходзіць ім ад служэньня свайго, бо браты іхнія, лявіты, прыгатавалі ім.
16 Гэтак наладжана было ўсё служэньне ГОСПАДУ ў той дзень, каб справіць Пасху і ахвяраваць цэласпаленьні на ахвярніку ГОСПАДА паводле загаду валадара Ёсіі.
17 І спраўлялі сыны Ізраіля, што былі [там], Пасху ў той час і Сьвята Праснакоў сем дзён.
18 І не была спраўляна такая Пасха ў Ізраілі ад дзён Самуэля прарока, і з усіх валадароў Ізраіля ніводзін не спраўляў такой Пасхі, якую справіў Ёсія, і сьвятары, і лявіты і ўвесь Юда і Ізраіль, што [там] былі, і жыхары Ерусаліму.
19 У васямнаццатым годзе валадараньня Ёсіі справілі гэтую Пасху.
20 Пасьля ўсяго гэтага, калі падрыхтаваў Ёсія Дом [Божы], прыйшоў Нэхо, валадар Эгіпту, ваяваць супраць Кархемішу каля Эўфрату, і Ёсія выйшаў насустрач яму.
21 І той паслаў да яго паслоў, кажучы: «Што мне і табе, валадар Юды? Ня супраць цябе я іду сёньня, але супраць дому, які ваюе са мною, і Бог сказаў мне пасьпяшацца. Адыйдзіся ад Бога, Які са мною, і Ён ня зьнішчыць цябе».
22 Але Ёсія не адвярнуў аблічча свайго ад яго, бо вырашыў ваяваць з ім, і не паслухаў словаў Нэхо, [якія былі] з вуснаў Божых, і пайшоў на бітву ў даліне Мэгіддо.
23 І стрэлілі лучнікі ў валадара Ёсію, і сказаў валадар слугам сваім: «Выведзіце мяне, бо я цяжка паранены».
24 І зьнялі яго слугі ягоныя з калясьніцы, і пасадзілі яго ў іншы воз, які быў у яго, і завезьлі яго ў Ерусалім. І ён памёр, і быў пахаваны ў магілах бацькоў сваіх, і ўвесь Юда і Ерусалім плакалі па Ёсіі.
25 І галасіў Ярэмія па Ёсіі, і ўсе сьпевакі і сьпявачкі апавядаюць пра Ёсію ў галашэньнях сваіх аж да сёньня, і ўвялі іх як звычай у Ізраілі, і вось яны запісаныя ў галашэньнях.
26 А іншыя дзеяньні Ёсіі і дабрадзействы ягоныя, згодныя з напісаным у Законе ГОСПАДА,
27 і дзеяньні ягоныя, першыя і апошнія, запісаныя ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.