Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Есфирь 4 глава

1 Калі Мардахэй даведаўся пра ўсё, што здарылася, раздзёр адзенне сваё, апрануўся ў зрэбніцу, пасыпаючы попелам галаву. Ды на плошчы ў цэнтры горада галасіў моцна ды горка плакаў,
2 падышоў аж пад браму палаца; бо нельга было ўвайсці на царскі панадворак апранутаму ў зрэбніцу.
3 Таксама ва ўсіх правінцыях, куды дайшоў эдыкт і закон цара, паўстаў у юдэяў вялікі смутак, пост, лямант і плач, так што для многіх зрэбніца і попел сталі ложкам.
4 Прыйшлі ж паслугачкі Эстэр і еўнухі і расказалі ёй аб гэтым. Царыца спалохалася надта, пачуўшы гэта, і паслала адзенне, каб, скінуўшы зрэбніцу, апрануўся ў яго; ён не захацеў прыняць яго.
5 І Эстэр, паклікаўшы Атаха, еўнуха, якога цар даў ёй за паслугача, загадала яму, каб ішоў да Мардахэя і выведаў ад яго, чаму ён гэта робіць.
6 Ды пайшоў Атах да Мардахэя, які стаяў на плошчы горада перад брамай.
7 Ён расказаў яму ўсё, што з ім здарылася, пра тое, колькі срэбра Аман паабяцаў заплаціць у скарбоўню цара за забойства юдэяў, калі іх знішчыць.
8 Таксама копію эдыкта, які быў вывешаны ў Сузах на знішчэнне іх, даў яму, каб паказаў царыцы і пераканаў яе, каб схадзіла да цара і маліла яго, і заступілася за народ свой. «Памятай, — казаў ён, — дні пакорнасці тваёй, калі ты гадавалася на руках маіх, бо Аман, другі па цару, асудзіў нас на смерць. І прызывай Госпада, і гавары цару пра нас, ды вызвалі нас ад смерці».
9 Атах, вярнуўшыся, расказаў Эстэр пра ўсё, што яму сказаў Мардахэй.
10 Яна яму ў адказ загадала сказаць Мардахэю:
11 «Усе паслугачы цара і ўсе правінцыі, што знаходзяцца пад уладаю яго, ведаюць, што для ўсіх адзін закон: ці то для мужчыны, ці то для жанчыны; хто ўвойдзе на ўнутраны царскі панадворак не запрошаны, — будзе ён пакараны смерцю адразу ж; хіба што часам цар працягне да яго свой залаты скіпетр, каб ён мог жыць; а я ўжо трыццаць дзён не была клікана да цара».
12 Калі Мардахэй гэта пачуў,
13 зноў загадаў Эстэр, кажучы: «Не думай, што гэтым толькі жыццё сваё вызваліш, што знаходзішся ў доме цара, адна з усіх юдэяў.
14 Калі бо ты будзеш цяпер маўчаць, аднекуль прыйдзе ратунак і вызваленне, а ты і дом бацькі твайго — прападзяце; і хто ведае, ці не дзеля гэтага ты стала царыцай у такі час?»
15 І зноў Эстэр перадала Мардахэю гэтыя словы:
16 «Ідзі і збяры ўсіх юдэяў, якія знаходзяцца ў Сузах; і посціце за мяне. Не ежце і не піце тры дні і тры ночы, і я з паслугачкамі сваімі таксама буду посціць; і затым пайду да цара, нягледзячы на закон: калі загіну — загіну».
17 Дык пайшоў Мардахэй ды зрабіў усё, што загадала яму Эстэр. Мардахэй жа раздзёр адзенне сваё, і разаслаў зрэбніцу, і ўпаў тварам сваім на зямлю перад старэйшынамі народа з ранку аж да вечара, і сказаў: «Дабраславёны Ты, Божа Абрагама, і Божа Ізаака, і Божа Якуба, Госпадзе, Госпадзе Усемагутны, Уладару, бо ўсё ва ўладзе Тваёй, і няма нікога, хто б волі Тваёй мог супрацівіцца, калі б рашыў Ты збавіць Ізраэль. Ты бо стварыў неба і зямлю і ўсё, што ёсць цудоўнага ў прасторы неба, Ты — Госпад усяго; і няма нікога, хто супрацівіўся б Тваёй магутнасці. Ты ведаеш, Госпадзе, што я ахвотна ўпаў бы да ступняў ног Амана, каб выратаваць Ізраэль, але гэтага я не ўчыніў, каб не падняць славы чалавека вышэй славы Бога майго, і не буду пакланяцца нікому іншаму, але толькі Табе, Госпадзе, Божа мой. І не раблю гэтага ані з пыхі, ані з пажадання славы, Госпадзе. Пакажыся, Госпадзе; аб’явіся, Госпадзе! І цяпер, Госпадзе Валадару, Божа Абрагама, Божа Ізаака і Божа Якуба, пашкадуй Свой народ, бо ворагі нашыя хочуць знішчыць нас і загубіць Тваю спадчыну. Не пагарджай спадчынай Тваёй, якую выкупіў Сабе з зямлі Егіпецкай. Выслухай маё маленне і міласцівы будзь да спадчыны Тваёй; і перамяні смутак наш у радасць, каб, будучы пры жыцці, славілі мы імя Тваё, Госпадзе, і каб не закрываў Ты вуснаў, што хваляць Цябе». Таксама ўвесь Ізраэль з усіх сіл сваіх прызываў Госпада, таму што немінучая смерць стаяла перад вачамі яго. Эстэр царыца таксама ўцякала да Госпада, пранятая страхам смерці, бо пагражала яна і ёй. І калі зняла шаты славы, то апранулася ў адзенне жалобнае, і замест духмянасцей пасыпала галаву сваю попелам і цела сваё ўпакорыла дужа, радасныя аздобы замяняючы распушчанымі валасамі і пастамі. І пала на зямлю з паслугачкамі сваімі, і праляжала ад раніцы аж да вечара, молячыся: «Божа Абрагама, і Божа Ізаака, і Божа Якуба, — дабраславёны Ты. Заступіся за мяне, адзінокую і не маючую абаронцы, акрамя Цябе, Госпадзе, бо небяспека ў маёй ёсць руцэ. Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты збярог Ноя ў вадзе патопу. Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Абрагаму з трымастамі васемнаццаццю людзьмі аддаў дзевяць цароў. Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ёну з нутра рыбы вызваліў. Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ананію, Азарыю і Місаэля ад печы вогненнай вызваліў. Я пачула з кніг продкаў маіх, што, Госпадзе, Ты Даніэля з ямы львоў вызваліў. Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты злітаваўся над Эзэхіем, царом юдэяў, на смерць асуджаным, калі ён Цябе аб жыцці прасіў, і Ты яму даў жыцця на пятнаццаць гадоў. Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ганне, якая прасіла ў жаданні душы, даў нарадзіць сына. Госпадзе, што Ты ўсіх, хто Табе падабаецца, вызваляеш назаўсёды. І цяпер дапамажы мне, адзінокай і не маючай анікога, акрамя Цябе, Госпадзе, Божа мой! Ты ведаеш, што паслугачка Твая брыдзіцца ложкам неабрэзаных. Божа, Ты ведаеш, што я не ела са стала ідалаў і не піла віна з ахвяр іх вадкіх. Ты ведаеш, што ад дня майго перамяшчэння не цешылася я, Госпадзе; адно толькі Табою. Ты ведаеш, Божа, што ад таго часу, калі нашу ўбор гэты на галаве сваёй, брыджуся ім, як лахманом, які забруджаны кроўю [звычайнага ў жанчын], і не апранаю яго ў шчаслівы час. І цяпер прыйдзі да мяне, сіраты, і ўкладзі ў вусны мае слова мілае на віду льва ды зрабі мяне прывабнай перад ім; і абярні сэрца яго ў нянавісць да таго, хто нападае на нас, на загубу яму і тым, што спрыяюць яму. А нас вызвалі з рукі нашых ворагаў; перамяні наш плач у радасць і смутак наш — у супакой. Цікуючых жа на спадчыну Тваю, Божа, пастаў, як узор. Аб’явіся, Госпадзе; пакажыся, Госпадзе!»
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.