Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Притчи 30 глава

1 Словы Агура, сына Якэ, выслоўі, якія сказаў чалавек гэты да Ітыэля, да Ітыэля і Укаля:
2 Бо я найдурнейшы між людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,
3 не навучыўся я мудрасьці і ведаў сьвятых ня ведаю.
4 Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у жменю сваю? Хто зьвязаў воды ў адзежу? Хто ўмацаваў усе канцы зямлі? Якое імя яго і якое імя сына ягонага, ці ведаеш ты?
5 Усе словы Бога чыстыя [ад дамешкаў], Ён — шчыт для тых, што маюць у Ім надзею.
6 Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе і ня стаўся ты падманшчыкам.
7 Дзьве рэчы прашу ў Цябе, не адмаўляй мне перш, чым памру:
8 марнасьць і слова хлусьлівае аддалі ад мяне, ані беднасьці, ані багацьця не давай мне, сыць мяне хлебам, вызначаным для мяне,
9 каб я, насыціўшыся, ня выракся Цябе і не сказаў: «Хто ГОСПАД?», або каб, зьбяднеўшы, ня стаў красьці і ганьбіць імя Бога майго.
10 Не ачарняй слугі перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты ня стаўся вінаватым.
11 [Ёсьць] пакаленьне, якое праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваю,
12 пакаленьне, якое чыстае ў вачах сваіх, але не абмытае ад бруду свайго,
13 пакаленьне, у якога пыхлівыя вочы і павекі ўзьнятыя,
14 пакаленьне, у якога зубы — мячы, а сківіцы — нажы, каб есьці ўцісканых на зямлі і гаротных між людзей.
15 У п’яўкі дзьве дачкі: «давай» і «давай». Вось тры ненасытныя і чатыры, якія ня скажуць: «Досыць»:
16 адхлань і чэрава няплоднае, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «Досыць».
17 Вока, якое зьдзекуецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцю маці, выдзяўбуць груганы над ракою і зьядуць арляняты.
18 Вось тры [рэчы], дзівосныя для мяне, і чатырох не разумею:
19 шляху арла ў небе, шляху зьмяі на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да дзяўчыны.
20 Такі самы шлях жанчыны чужаложнай: зьела, абцёрла вусны свае і кажа: «Я не зрабіла благога».
21 Дзеля трох трасецца зямля, і чатырох яна зьнесьці ня можа:
22 слугі, калі ён валадарыць, бязглуздага, калі ён насычаецца хлебам,
23 ганебнай жанчыны, калі яна замуж выходзіць, і нявольніцы, калі яна спадкуе па гаспадыні сваёй.
24 Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых:
25 мурашкі — народ ня моцны, але летам назапашваюць хлеб свой,
26 даманы — народ не магутны, але стаўляюць дамы свае на скале,
27 няма валадара ў саранчы, але ўсе выходзяць шыхтавана,
28 павук лапкамі чапляецца, але вось, ён у палацы валадара.
29 Вось трое крочаць паважна, і чацьвёра паважна ходзяць:
30 леў, магутнейшы між зьвярамі, ні перад кім не саступае,
31 конь асядланы, і казёл, і валадар, супраць якога ніхто не паўстане.
32 Калі вывышаешся бяздумна або калі задумаў ліхое, [палажы] руку сваю на вусны.
33 Бо хто зьбівае малако, атрымае масла, і хто ўдарыць у нос, атрымае кроў, а хто выклікае гнеў, атрымае сварку.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.