Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Притчи 30 глава

1 Слова Агура, сына Якеевага. Натхнёныя выслоўі, якія сказаў гэты чалавек Іфіілу, Іфіілу і Укалу:
2 сапраўды, я большы невук, чым хто-небудзь зь людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,
3 і не навучыўся я мудрасьці, і пазнаньня сьвятых ня маю.
4 Хто ўзыходзіў на неба і сыходзіў? хто сабраў вецер у прыгаршчы свае? хто завязаў ваду ў вопратку? хто вызначыў усе межы зямлі? якое імя ў яго? і якое імя ў сына яго? ці ведаеш?
5 Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён — шчыт тым, хто на яго спадзяецца.
6 Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе як ашуканца.
7 Дзьве рэчы я прашу ў Цябе, не адмові мне, перш чым я памру:
8 марнасьць і лжу адвядзі ад мяне, галечы і багацьця не давай мне, кармі мяне хлебам надзённым,
9 каб, аб’еўшыся, я ня зрокся Цябе і не сказаў: «хто Гасподзь?» і каб, згалеўшы, не пачаў красьці і зьневажаць імя Бога майго.
10 Не кляні раба перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты не застаўся вінаваты.
11 Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваёй.
12 Ёсьць род, які чысты ў вачах сваіх, тым часам як не адмыты ад бруду свайго.
13 Ёсьць род — о, якія пыхлівыя вочы ў яго, і як паднятыя вейкі ў яго!
14 Ёсьць род, у якога зубы — мячы, і сківіцы — нажы, каб пажыраць бедных на зямлі і ўбогіх сярод людзей.
15 У ненаеднасьці дзьве дачкі: «давай, давай»! Вось тры ненаяды, і чатыры, якія ня скажуць: «даволі!»
16 Апраметная і нутроба бясплодная, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «даволі!».
17 Вока, якое насьміхаецца з бацькі і пагарджае пакораю маці, выдзяўбуць крумкачы над ракою, і зжаруць птушаняты арліныя!
18 Тры рэчы неспасьцігальныя мне, і чатырох я не разумею:
19 шляхі арла на небе, шляхі зьмяі на скале, шляхі карабля сярод мора, і шляхі мужчыны да дзяўчыны.
20 Такі шлях і ў жонкі-пералюбніцы; паела і выцерла рот свой, і кажа: «я нічога благога не зрабіла».
21 Ад трох трасецца зямля, чатырох яна ня выносіць:
22 раба, калі ён робіцца царом; неразумнага, калі ён удосыць есьць хлеб;
23 ганебную жанчыну, калі яна выходзіць замуж, і служанку, калі зойме месца гаспадыні сваёй.
24 Вось чатыры малыя на зямлі; але яны мудрэйшыя за мудрых:
25 мурашкі — народ нядужы, але летам назапашваюць ежу сваю:
26 горныя мышы — народ слабы, але ставяць дамы свае на скале;
27 у саранчы няма цара, але выступае яна згуртавана;
28 павук лапамі чапляецца, але бывае ў царскіх харомах.
29 Вось трое маюць статную хаду, і чацьвёра статна выступаюць:
30 леў, асілак сярод зьвяроў, не саступіць ні перад кім;
31 конь, і казёл, і цар народу свайго.
32 Калі ты ў задавацтве тваім зрабіў глупства і падумаў ліхое, дык пакладзі руку на вусны;
33 бо, як ад зьбіваньня малака робіцца масла, ад ўдару ў нос цячэ кроў, так і ад абуджэньня гневу ўзьнікае свара.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.