Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Притчи 30 глава
1 Словы Агура, сына Яка з Масы. Выказванне гэтага чалавека да Ітыэля, да Ітыэля і Укала.
2 Вось, я найбольшы невук з людзей і мудрасці чалавечай няма ў мяне;
3 і не навучыўся я мудрасці, і не пазнаў ведаў святых.
4 Хто ўзыходзіць на неба і сыходзіць? Хто збірае вецер у руках сваіх? Хто сабраў воды, быццам у вопратку? Хто паставіў усе межы зямлі? Якое імя Яго і якое імя Яго сына, ці ведаеш ты?
5 Кожнае слова Бога — гэта надзейны шчыт для тых, хто ўскладае на яго надзею.
6 Не дадавай нічога да слоў Яго, каб Ён не выкрыў цябе і каб не стаўся ты лгуном.
7 Прашу ад цябе дзвюх рэчаў, не адмаўляй мне, раней, чым памру:
8 надоўга адхілі ад мяне марнасць і хлуслівыя словы, не давай мне беднасці і багацця, толькі ўдзяляй мне штораз на пражыццё хлебны паёк,
9 каб, наеўшыся, не быў я спакушаны адрачэннем і не сказаў: «Хто гэта — Госпад?», або, беднасцю прымушаны, каб не краў я і каб не лгаў я імем Бога майго.
10 Не дакарай паслугача перад яго гаспадаром, каб часам не пракляў ён цябе і каб не быў ты пакараны.
11 Ёсць род, што бацьку свайго праклінае і што не дабраслаўляе маці сваю.
12 Ёсць род, які здаецца сабе чыстым, але не адмыты ад бруду свайго.
13 Ёсць род — як узвысіліся вочы яго і ўзняліся ўгару павекі яго!
14 Ёсць род, які мае мечы замест зубоў, а сківіцы яго — нажы, каб пажэрці бедных з зямлі і ўбогіх — з людзей.
15 П’яўка мае дзве дачкі: «Прынясі, прынясі». Тры рэчы ёсць ненасытныя, і чатыры, што ніколі не кажуць: «Досыць!»:
16 пекла і бясплоднае чэрава, зямля, што не насычаецца вадою, агонь, што ніколі не кажа: «Даволі!»
17 Вока, што кпіць з бацькі і што адцураецца паслушэнства маці — хай крумкачы з-за ракі выдзеўбаюць яго і хай з’ядуць яго дзеці арла.
18 Тры рэчы занадта складаныя для мяне, а чатыры я зусім не ведаю:
19 дарогу арла па небе, дарогу змяі па скале, дарогу карабля ў сярэдзіне мора, дарогу мужчыны да маладзенькай дзяўчыны.
20 Так паступае жанчына-чужаложніца, што з’ела, абцёрла вусны і кажа: «Я нічога благога на зрабіла».
21 Пад трыма рэчамі дрыжыць зямля, а чатырох перанесці не можа:
22 пад слугою, калі ён будзе правіць; пад бязглуздым, калі ён будзе насычаны ежай;
23 пад пагарджанай жанчынай, калі яе возьмуць за жонку; і пад служанкай, калі яна будзе спадчынніцай гаспадыні сваёй.
24 Ёсць на зямлі чатыры самыя малыя істоты, але яны мудрэйшыя за мудрых:
25 мурашкі — народ не моцны, які рыхтуе сабе ежу ў жніво;
26 горныя мышы — народ слабы, які ставіць жыллё сваё на скале;
27 саранча — не мае цара і выступае ўся яна чарадою;
28 яшчарка — караскаецца на лапках, а спыняецца ў пакоях цара.
29 Ёсць тры рэчы, што ходзяць добра, і чатыры, што крочаць шчасліва:
30 леў, самы моцны са звяроў, не пабаіцца сустрэчы ні з кім;
31 певень, што падперазаўся, і баран, і цар, які мае з сабою войска.
32 Калі ты зрабіў глупства, ды ўзнёсся сам над сабой; ці падумаў ліхое — ускладзі руку на вусны свае!
33 Бо хто добра ўзбівае малако — атрымлівае масла, а хто моцна высмарквае ноздры — выклікае кроў, а хто выклікае гнеў — выклікае сваркі.
Притчи 30 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча