Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Притчи 8 глава
1 Ці ж мудрасьць ня кліча? Ці ж розум ня ўзносіць голас свой?
2 На вяршынях гораў, пры дарозе, на ростанях стаіць яна,
3 каля брамаў, пры ўваходзе ў горад, пры дзьвярах кліча яна.
4 «Да вас, людзі, я клічу, да сыноў чалавечых голас мой!
5 Навучыцеся, неразумныя, цьвярозаму мысьленьню, і вы, бязглуздыя, прыдбайце сэрца разумнае.
6 Слухайце, бо буду гаварыць пра рэчы важныя, і расчыняцца вусны мае, каб сказаць рэчы справядлівыя.
7 Бо праўду выкажа язык мой, і няправасьць — брыдота для вуснаў маіх.
8 Выслоўі вуснаў маіх праведныя, няма ў іх хлусьні і крывадушнасьці.
9 Усе яны простыя для разумнага і правыя для тых, што знайшлі веданьне.
10 Прыйміце настаўленьне маё, а ня срэбра; лепш веды, чым чыстае золата,
11 бо мудрасьць лепшая за пэрлы, і ніякія каштоўнасьці не параўнаюцца з ёю.
12 Я, мудрасьць, жыву разам з цьвярозым мысьленьнем і шукаю веданьня і разважлівасьці.
13 Страх перад ГОСПАДАМ — ненавідзець ліхоту, пыху і фанабэрыстасьць; шляхі ліхія і вусны крывадушныя я ненавіджу.
14 У мяне рада і сапраўдная мудрасьць, я — розум, у мяне сіла.
15 Дзякуючы мне валадары валадараць і князі дзейнічаюць праведна.
16 Дзякуючы мне начальнікі кіруюць, і магнаты, і ўсе судзьдзі зямлі.
17 Я люблю тых, якія мяне любяць, і тыя, што мяне шукаюць, знойдуць мяне.
18 У мяне багацьце і слава, незьнішчальныя скарбы і праведнасьць.
19 Плод мой лепшы за золата, і золата найчысьцейшае; і карысьць ад мяне лепшая за срэбра адборнае.
20 Я хаджу сьцежкамі праведнасьці і шляхамі правасудзьдзя,
21 каб даць тым, што любяць мяне, у спадчыну даброцьці, і скарбніцы іх я напоўню.
22 ГОСПАД меў мяне на пачатку шляху Свайго, раней стварэньняў Сваіх, спакон вякоў.
23 Спрадвеку я пастаўлена, ад пачатку, перш, чым зямля паўстала.
24 Я нарадзілася, калі яшчэ не было бяздоньняў, калі не было крыніцаў, напоўненых водамі.
25 Перш, чым горы былі асаджаны, перад узгоркамі я нарадзілася,
26 калі Ён яшчэ не стварыў ані зямлі, ані палёў, ані пачатковых пылінак сусьвету.
27 Калі Ён прыгатоўваў нябёсы, я была там. Калі Ён крэсьліў скляпеньне над абліччам бяздоньня,
28 калі засноўваў аблокі ўгары, калі ўмацоўваў крыніцы бяздоньня,
29 калі вызначаў для мора статут ягоны, каб воды не перакрочвалі межы свае, калі закладаў падваліны зямлі,
30 я была ў Яго дойлідам і была пацехай [Яго] кожны дзень, радуючыся перад абліччам Яго кожны час,
31 радуючыся на заселенай зямлі Яго, і пацеха мая — з сынамі чалавечымі.
32 І цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і шчасьлівыя тыя, якія трымаюцца шляхоў маіх.
33 Слухайце настаўленьне, і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго.
34 Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, чуваючы кожны дзень пры брамах маіх, стоячы на варце пры парозе дзьвярэй маіх.
35 Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і атрымае ласку ад ГОСПАДА,
36 а хто грашыць супраць мяне, шкодзіць душы сваёй; усе, якія ненавідзяць мяне, любяць сьмерць».
Притчи 8 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча